„Белавія” ў траўні пачне палёты ў Екацярынбург і Самару



У траўні „Белавія” пачне палёты ў Екацярынбург і Самару, паведаміла прэс-служба авіякампаніі.

Такім чынам, адзначае авіяперавозчык, у геаграфіі палётаў па Расеі ў „Белавія” на гэты момант будзе дзевяць рэгулярных напрамкаў, а ў межах рэгулярнай маршрутнай сеткі — 45.

„Белавія” пачне выконваць рэйсы па маршруце Менск — Самара — Менск 5 траўня. Палёты будуць выконвацца па серадах з вылетам з Менска ў 00.15 і прыбыццём у міжнародны аэрапорт Самары Курумач у 3.25. Зваротныя рэйсы ў сталіцу Беларусі плануецца ажыццяўляць у гэты ж дзень у 4.25, прылёт у нацыянальны аэрапорт Менск — у 5.55. Час для ўсіх аэрапортаў — мясцовы. Пералёт у адзін бок зойме крыху больш за дзве гадзіны.

Палёты „Белавія” ў Екацярынбург будуць ажыццяўляцца з 7 траўня па пятніцах з вылетам з Менска ў 23.10 і прыбыццём у 4.10 у міжнародны аэрапорт Кальцова. Зваротны рэйс плануецца выконваць па суботах з вылетам у 5.10 і прыбыццём у нацыянальны аэрапорт Менск у 6.25. Час для ўсіх аэрапортаў — мясцовы. Пералёт у адзін бок зойме прыблізна тры гадзіны.

Мінімальны кошт квіткоў па тарыфе light для Самары складзе 84 еўра ў адзін бок і 163 еўра — туды-назад. Для Екацярынбурга: у адзін бок — 143 еўра, у абодва бакі — 233 еўра.

„Палёты ў Расейскую Федэрацыі заўсёды складалі для „Белавія” важкую долю ад усіх авіяперавозак, — прыводзіць прэс-служба каментар генеральнага дырэктара ААТ „Авіякампанія „Белавія” Ігара Чаргінца. — Раней толькі за тыдзень мы ажыццяўлялі ў расейскія гарады больш за сто рэйсаў. Зараз гэтая лічба значна больш сціплая — прыкладна ў 10 разоў меншая”.

belapan.by