„Белавія” з летняга раскладу павялічыць колькасць рэйсаў у Парыж да 11 у тыдзень



Авіякампанія „Белавія” з летняга раскладу павялічыць колькасць рэйсаў у Парыж да 11 у тыдзень, паведаміў сёння журналістам генеральны дырэктар авіяперавозчыка Анатоль Гусараў перад пачаткам падагульняючай калегіі Міністэрства транспарту і камунікацый.

„З пачатку летняга раскладу мы плануем лятаць у Парыж 11 разоў у тыдзень. Чатыры дні ў тыдзень будуць два рэйсы ў дзень. І мы ўжо атрымалі слоты ў аэрапорце Шарль-дэ-Голя”, – расказаў генеральны дырэктар „Белавія”. Ён удакладніў, што запаўняцца рэйсы будуць у большай частцы за кошт транзітных пасажыраў. „Парыж – адзін з напрамкаў, дзе мы зніжаем тарыфы. За кошт таго, што многія пасажыры з Расеі, Казахстана аддаюць перавагу ляцець праз Менск – колькасць пасажыраў на гэтым напрамку павялічваецца”, – растлумачыў Анатоль Гусараў.

Акрамя таго, „Белавія” плануе павялічыць колькасць рэйсаў у Амстэрдам да 10 у тыдзень. „Але мы яшчэ не атрымалі дазвол ад аэрапорта. Вядзём перагаворы і па павелічэнні колькасці рэйсаў у Брусель. Пакуль не дазволілі, але гэта тэхнічныя рэчы”, – удакладніў ён.

Таксама гендырэктар „Белавія” расказаў, што авіякампанія некалькі гадоў вядзе перамовы па адкрыцці рэйса ў Мюнхен. „Мы не можам пакуль прабіцца туды, хоць вельмі хочам адкрыць рэгулярныя паветраныя зносіны з Менска ў Мюнхен”, – паведаміў ён.

Авіякампанія „Белавія” – буйнейшы авіяперавозчык Беларусі. Базіруецца ў Нацыянальным аэрапорце Менск і ажыццяўляе рэгулярныя рэйсы з Менска ў 49 аэрапортаў 28 краін. Флот авіякампаніі налічвае 26 паветраных суднаў (пяць Boeing 737-800, шэсць Boeing 737-500, сем Boeing 737-300, два Embraer-175, два Embraer-195, чатыры CRJ-100/-200).

belta.by