„Белавія” зніжае цэны на большасць рэгулярных рэйсаў



„Белавія” ўводзіць эксперыментальныя тарыфы на большасць рэгулярных рэйсаў.

„Напярэдадні святкавання 85-годдзя грамадзянскай авіяцыі Рэспублікі Беларусь у мэтах паляпшэння даступнасці авіяперавозак для жыхароў Беларусі, а таксама для павелічэння колькасці турыстаў у рамках дзеючага 30-дзённага бязвізавага рэжыму „Белавія”ўводзіць эксперыментальныя тарыфы па большасці кірункаў рэгулярнай сеткі маршрутаў авіякампаніі да канца зімовага раскладу”, – паведамляе авіяперавозчык.

Эксперыментальныя тарыфы буду даступныя па наступных напрамках: Сочы, Амстэрдам, Алматы, Барселона, Брусэль, Берлін, Будапешт, Ерэван, Батумі, Жэнева, Гановер, Харкаў, Калінінград, Казань, Санкт-Пецярбург, Ларнака, Лондан, Львоў, Мілан, Адэса, Парыж, Прага, Рым, Растоў, Стакгольм, Тбілісі, Тэль-Авіў, Бялград, Ніжні Ноўгарад, Краснадар, Кішынёў і Астана. Кошт авіябілетаў па некаторых напрамках зніжаны да 75%.

Да прыкладу, пералёт у адзін бок (з Менска) у Барселону, Мілан, Парыж і Лондан будзе каштаваць 35 еўра, у Брусэль – 45 еўра.

Як адзначаецца, тарыфы будуць даступныя толькі на сайце авіякампаніі www.belavia.by з 2 лістапада і пры ўмове куплі квітка не менш, чым за 45 дзён да вылету.

Колькасць месцаў па эксперыментальным тарыфе абмежавана.

„У першую чаргу, мы ставілі перад сабой мэту зрабіць перавозкі больш даступнымі і прадэманстраваць камфорт падарожжа прамымі рэйсамі авіякампаніі. Мы спадзяемся, што жыхары Беларусі па вартасці ацэняць эксперыментальныя тарыфы „Белавія” і стануць падарожнічаць з Менска часцей. Акрамя таго, мы ўпэўненыя, што гэты праект стане рэальным укладам авіякампаніі ў развіццё ўязнога турызму ў Рэспубліку Беларусь”, – лічыць генеральны дырэктар „Белавія” Анатоль Гусараў.

Умовамі прымянення новых тарыфаў прадугледжана, што максімальны тэрмін знаходжання ў пункце прызначэння па дадзеным тарыфе не можа перавышаць 1 месяц. Дазваляецца камбінацыя з іншымі даступнымі тарыфамі эканамічнага класа на выбраных напрамках. Змяненні і вяртанне забароненыя, у тым ліку пры камбінаванні тарыфаў. Выкарыстанне білета, аформленага па маршруце „туды-назад”, абавязкова ў адпаведнасці з чарговасцю сегментаў, пачынаючы з першага аэрапорта адпраўлення, названага ў білеце. Пры невыкарыстанні квітка на першым участку месцы анулююцца па ўсім маршруце, і пасажыр на другім участку не будзе прымацца да перавозкі. Выплачаная сума, уключаючы таксы і зборы, пасажыру вяртацца не будзе.

zviazda.by