Белстат будзе разлічваць выязны турыстычны паток па новай методыцы
Белстат распрацаваў методыку разліку выязнога турыстычнага патоку, у якой улічваецца перасячэнне беларусамі адкрытага ўчастка граніцы. Методыка зацверджана пастановай Нацыянальнага статыстычнага камітэта ад 19 ліпеня 2019 года нумар 63, апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Як растлумачылі ў Белстаце, раней такой методыкі не было: улік выязнога турызму вёўся на падставе даных Дзяржаўнага пагранкамітэта аб перасячэнні пунктаў пропуску. Цяпер жа ўводзіцца новы складаны механізм падлікаў, які дазваляе ўлічваць у тым ліку паток турыстаў цераз адкрытую граніцу з Расеяй. Такім чынам улічваюцца Міжнародныя рэкамендацыі па статыстыцы турызму.
Для разліку выкарыстоўваюцца агрэгаваныя першасныя статыстычная даныя Дзяржпагранкамітэта, Міністэрства транспарту і камунікацый па зацверджаных формах („Справаздача аб паветраных перавозках”, „Справаздача аб колькасці замежных грамадзян, якія наведалі Рэспубліку Беларусь, і грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія выехалі за мяжу”, „Справаздача аб міжнародных аўтамабільных перавозках”). Таксама экстрапаліруюцца першасныя статданыя выбарачнага абследавання дамашніх гаспадарак па ўзроўні жыцця аб колькасці грамадзян Беларусі, якія выехалі ў Расею, і выбарачнага абследавання ў мэтах вывучэння праблем занятасці насельніцтва. Акрамя таго, Дзяржпагранкамітэт прадастаўляе даныя аб перасячэнні дзяржаўнай граніцы Беларусі, Мінтранс – аб міжнародных перавозках пасажыраў паміж дзяржавамі – членамі ЕАЭС па Беларускай чыгунцы, Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС – аб грамадзянах Беларусі і асобах без грамадзянства, якія выехалі з рэспублікі на пастаяннае месца жыхарства. І яшчэ пры разліках выкарыстоўваюцца звесткі базы статыстычных даных Інстытута статыстыкі ЮНЕСКА аб колькасці беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца за мяжой на ўзроўнях трацічнай адукацыі.
Методыка будзе ўведзена ў дзеянне, пачынаючы з разліку выязнога турыстычнага патоку за 2018 год.
Дарэчы, комплексная методыка па разліку ўязнога турыстычнага патоку ў адпаведнасці з міжнароднымі рэкамендацыямі і практыкай была зацверджана Белстатам у мінулым годзе.