Берасце плануе прыняць сёлета 50 тысяч бязвізавых турыстаў
Пяцьдзесят тысяч бязвізавых турыстаў сёлета плануе прыняць Берасце. Менавіта такія дадзеныя агучылі ў Берасцейскім гарадскім выканаўчым камітэце. У мінулым годзе турыстычны патэнцыял памежжа змог прыцягнуць у горад каля дваццаці тысяч гасцей. Прадстаўнік інфармацыйна-кансалтынгавай установы “Пропус” Яўген Скрабутан перакананы, што значную частку турыстычных групаў варта чакаць з Польшчы:
– З аднаго боку, гэта людзі, для якіх Берасце – гэта кавалак польскай гісторыі, кавалак польскай культуры. Яны едуць паглядзець, як жылі раней іх бабулі, дзядулі. Але аказваецца, я сустракаўся з палякамі і яны здзівіліся, што Польшча тут была ўсяго толькі нейкіх 20 гадоў. Для іх гэта рэальна было адкрыццё і нечаканасць.
З польскага боку працуе крыху больш за дваццаць турыстычных аператараў. Яны працуюць у Варшаве, Беластоку, Ольштыне, Любліне, Познані, Гдыні, Катавіцах і Лодзі і рэгулярна прапануюць туры для наведвання Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота Holiday.by