Берасцейскіх раварыстаў запрашаюць у заказнік Прыбужскае Палессе



Rovar Forever 2.0 – такую велапаездку ў заказнік Прыбужскае Палессе плануюць прадстаўнікі моладзевага грамадскага аб’яднання „Час зямлі” разам з сябрамі інфармацыйна-асветніцкай установы «За вела Берасце!». Мерапрыемства адбудзецца 25 і 26 ліпеня.

Адна з абавязковых умоваў – гэта папярэдняе запаўненне формы анлайн рэгістрацыі і прытрымліванне мераў бяспекі, – распавёў грамадскі дзеяч Зміцер Пілыпіў:

– Ідэя паездкі з’явілася ў нас даволі даўно, яшчэ чатыры гады таму. Мы падумалі, што трэба выходзіць з анлайна ў афлайн і зрабіць нашую паездку ў Прыбужскае Палессе, каб пазнаёміцца з новымі людзьмі, каб і нашыя старыя сябры маглі ў ёй паўдзельнічаць. Падумалі, што гэта будзе цікава, бо зараз даволі добрае надвор’е, і гэта цікавае месца.

Як адзначыў Зміцер Пілыпіў, пры сябе неабходна абавязкова будзе мець сродкі індывідуальнай абароны, прытрымлівацца сацыяльнага дыстанцыянавання, мець спраўны ровар ды астатнія рэчы для двухдзённай вандроўкі.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце