Без Wi-Fi замежніку цяжка
Ужо некалькі тыдняў як ля руінаў XVII стагоддзя ў Берасці знаходзіцца стэнд мабільнага прыкладання AR пра архітэктуру старадаўняга горада.
Маючы смартфон, доступ да інтэрнэта і кіруючыся інфармацыяй, размешчанай на стэндзе, можна пабачыць макет у фармаце дапоўненай рэчаіснасці. Гаворка ідзе, між іншым, аб руінах Касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі кляштару бернардзінак. Калі наяўнасць смартфона ў ХХІ стагоддзі не праблема, то з доступам да інтэрнэта ў замежных турыстаў ёсць пытанне:
– Калі мы былі ў крэпасці, плюсам было тое, што можна было праз інтэрнэт і аплікацыі пабачыць тыя найноўныя атракцыі. Але калі побач няма сеткі вай-фай, то немагчыма гэтым скарыстацца замежнаму турысту.
Праект ReBrest – недзяржаўны і некамерцыйны. Ягоныя ініцыятары збіраюць сродкі на яго рэалізацыю праз краўдфандынгавыя платформы. “Удалося спалучыць змястоўную і тэхналагічную часткі. Што тычыцца пытанняў турызма, то яно для нас другаснае, а галоўная ўсё ж іншае”, – кажа ініцыятар праекта Віктар Клімус:
– Найперш трэба вяртаць у паулярны культурны абарот спадчыну усіх мінулых эпохаў, што для Берасці вельмі актуальна. Тут другаснае нават у якой форме гэта робіцца. Галоўнае, каб людзі проста разумелі і ведалі поўны спектр сваёй гісторыі, культуры і тых здабыткаў, якія мы не можам зараз пабачыць фізічна, на жаль, але мы можам і мы мусім пра іх ведаць, як яны выглядалі.
“Каманда ReBrest адкрыта для супрацоўніцтва з усімі”, – раней паведамляў Віктар Клімус. “Добра было б каб прадстаўнікі ўстановаў, ад якіх залежыць усталяванне кропак доступа Wi-Fi, звярнулі ўвагу на гэтае месца. Тады б яно сапраўды прыцягвала б гасцёў да наведвання”, – падсумавалі турысты.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце