Білеты на некаторыя цягнікі ў Расею – па сістэме дынамічнага цэнаўтварэння



Беларуская чыгунка з 10 кастрычніка адкрывае продаж праязных дакументаў на цягнікі міжнародных ліній № 39/40 Полацк — Масква, №  96/95 Берасце — Масква і з 25 кастрычніка для цягніка № 76/75 Гомель — Масква (з улікам групы Брэст — Масква — цягнікоў № 676/76 — 75/675) у купэйныя вагоны і вагоны СВ з выкарыстаннем сістэмы дынамічнага кіравання тарыфамі ў міжнародных зносінах. Гэты праект скіраваны на падвышэнне прывабнасці пасажырскіх перавозак чыгуначным транспартам і зніжэнне тарыфнай нагрузкі на пасажыраў. Ён рэалізуецца сумесна з ААТ “Расійскія чыгункі”.

Як паведамілі ў прэс-цэнтры магістаралі, асноўнымі крытэрыямі пры фарміраванні тарыфу з выкарыстаннем сістэмы з’яўляюцца ўзровень працэнта занятасці месцаў у вагоне адпаведнага тыпу і тэрміны набыцця праязных дакументаў (білетаў) пасажырамі. Па меры росту парцэнта запаўняльнасці вагона кошт праезду паступова ўзрастае.

Пералік каэфіцыента занятасці месцаў у вагоне адпаведнага тыпу і кошту праезду ажыццяўляецца ў online рэжыме пры кожным новым афармленні цi вяртанні праязных дакументаў.

Такім чынам, сістэма дасць магчымасць пасажырам пры своечасовым планаванні паездкі аформіць праязныя дакументы са зніжкай да 25 % у залежнасці ад маршруту руху. Так, напрыклад, пры афармленні праязнога дакумента (білета) у купэйны вагон па маршруце Менск — Масква адпраўленнем 8 снежня кошт праезду са зніжкай складзе 108,73 рубля.

Пры набыцці білета за пяць дзён і менш да адпраўлення цягніка прадугледжана надбаўка да кошту праезду ў сярэднім ад 4 % да 9 %, якая таксама вар’іруецца ў залежнасці ад працэнта занятых месцаў у вагоне.

На БЧ звярнулі ўвагу, што пры фарміраванні кошту праезду ў названых цягніках у перыяд прымянення дынамічнага цэнаўтварэння не дзейнічаюць зніжкі/надбаўка ў залежнасці ад тэрмінаў продажу праязных дакументаў і зніжка 10 % пры адначасовай аплаце праезду ў кірунку “туды і назад”. Не распаўсюджваецца дзеянне дынамічнага тарыфаўтварэння пры праездзе арганізаваных груп пасажыраў.

zviazda.by