Бірштанас – курорт на поўдні Літвы
Бірштанас – бальнеялагічны курортны горад у паўднёвай частцы Літве. Ён знаходзіцца ў 110 кіламетрах ад сталіцы Літвы – Вільні, побач з горадам Прэнац, у Каўнаскім павеце. Да Каўнаса каля 40 кіламетраў.
Плошча горада складае 13 км ² з насельніцтвам каля 3000 жыхароў.

Гісторыя Бірштанаса пачынаецца з XIV стагоддзя, калі на высокім 40-метровым узгорку каля ракі Нёман быў узведзены драўляны замак Бірштанаса, які з’яўляўся часткай абарончай сістэмы Тракайскага княства. У 1401 годзе крэпасць стала паляўнічымі ўгоддзямі Вялікага князя Літоўскага Вітаўтаса.
З пачатку XV стагоддзя Бірштанас згадваецца ў якасці паляўнічага двара князёў Вялікага княства Літоўскага, які вельмі любілі Вітаўт Вялікі, Казімір Ёгайла (Ягелон) з сынамі і княгіня Алена. У XV – XVI стагоддзях тут увесь час гасцявалі прадстаўнікі літоўскай шляхты, сюды прыбывалі паслы і госці з розных краін, уладкоўваліся балі і праводзіліся паляванні. У 1539 годзе Бірштанас атрымаў статус прывілеяванага горада. Аднак, пасля таго, як скончылася кіраванне вялікакняскай дынастыі Ягелонаў і пачаў расці суседні горад Прэнай, Бірштанас страціў сваё значэнне.

Пачатак Бірштанаса як курортнага гарадка звязваюць з 1846 годам. Лекар Стаклішскага курорта Бенедыктас Білінскіс, зацікавіўшыся крыніцамі Бірштанаса, накіраваў сюды хворую, якой Стаклішкскія лячэбныя крыніцы не дапамагалі. У Бірштанасе хворая ачуняла. Пасля працяглых даследаванняў і бюракратычных працэдур, у канцы 1854 года Бірштанас афіцыйна стаў курортам.
Ужо ў наступным годзе была пабудавана першая лякарня, а ў 1860 гадах Бірштанас атрымлівае правы бальнеялагічнага курорта. Да Першай сусветнай вайны ў лякарнях працавала 72 ванны, было пабудавана 3 гасцініцы з 200-ю нумарамі.

Падчас першай сусветнай вайны курорт моцна пацярпеў і яму пагражаў поўны заняпад. Занепакоены яго становішчам Чырвоны Крыж Літвы ў 1924 годзе заключыў дамову з Дэпартаментам аховы здароўя і абавязаўся мадэрнізаваць курорт. Найбольш значнай падзеяй у гісторыі літоўскай курорталогіі стаў пачатак гразелячэння ў Бірштанасе. У 1927 годзе былі пабудаваны гразевыя лякарні, якія працуюць да гэтага часу, упрыгожаныя эмблемай Чырвонага Крыжа.
Падчас Другой сусветнай вайны Бірштанасу ўдалося пазбегнуць моцных узрушэнняў – пацярпеў толькі Курхаўз. У 1960-х гадах пачалося будаўніцтва новых санаторыяў – перад наведвальнікамі расчынілі дзверы санаторыі „Tulpė”, „Spalis” і „Versmė”.

Да гэтага часу ў Бірштанасе працуе найстарэйшае ў Літве прадпрыемства па разліве мінеральнай вады, якое пачало сваю дзейнасць у 1924 годзе, калі ўжыванне мінеральнай вады „Vytautas” і „Birutė” было незвычайна папулярным.

Сёння Бірштанас – міжнародны аздараўленчы курорт, які славіцца сваёй унікальнай прыродай, прыгажосцю Нёмана, мінеральнымі крыніцамі і гісторыяй каралеўскіх сямействаў. Курорт шчодра надзелены прыроднымі багаццямі: багатымі крыніцамі мінеральнай вады, гаючымі гразямі, чыстым паветрам і спрыяльным для здароўя кліматам. Курорт ганарыцца сваёй бромнай мінеральнай вадой, якая прызнана і высока цэніцца ва ўсёй Еўропе. Санаторыі і спа-цэнтры Бірштанаса прапануюць усё неабходнае для паўнавартаснага камфортнага адпачынку і якаснага лячэння.



















Беларускае Радыё Рацыя
