Бляск і гарота Ішчалны



Вёску Ішчалну, што за некалькі кіламетраў убок ад аўтабана Менск-Гародня, я… не знайшоў. На Лідскім ды Шчучынскім аўтавакзалах мне сказалі, што такі населены пункт у іх маршрутах папросту не значыцца. Пазней высветлілася, што ў сувязі з будаўнічымі працамі дзеля пашырэння транспартнай магістралі без паведамленняў для мясцовых знеслі ўказальнік павароту на паселішча. Дзеля таго, каб знайсці пясчаны вузкі праезд да яго, давялося паблукаць некалькі дзясяткаў кіламетраў. Сцяжына да яе знаходзіцца ўбаку, пасярод лесу. Паспрыялі святочныя для тых мясцін даты, што сабралі нядзеляй шмат родзічаў, што прыехалі на імшу на малую радзіму на ўласных аўто. 500 год споўнілася ад першага пісьмовага ўпамінання пра Ішчалну ў старажытных летапісах ды за чвэрць тысячагоддзя адноўленага тутэйшага касцёла Святой Троіцы.

Дапамагло ж і тое, што прыехаў не адзін. Бо галоўнай мэтай нашай вандроўкі з краязнаўцам Уладзімірам Круцікавым, што не першы дзясятак год вандруе па Гарадзеншчыне, было ўбачыць унікальную знаходку, што ён зрабіў некалі на ўскраіне касцельнага дворыка.

Гаворка пра адзіны, што захаваўся ў краіне, сапраўдны сонечны гадзіннік. І хоць у Нясвіжы ёсць трактат на лаціне, дзе дакладна апавядаецца пра механізм яго вырабу, дагэтуль не было ніводнага матэрыяльнага сведчання карыстання ў нас сонечным часам. Уладзімір правёў шматгадовы дослед гісторыі знаходкі і самога паселішча, пра што з задавальненнем абяцае распавесці.

… І вось мы стаім перад пабудовай у форме металічнага слупа, крыху вышэй за метр, з градуснай разметкай па ўсёй акружнасці. Уладзімір стварае гістарычны “фон” святым ды памятным у вяках мясцінам.

Уладзімір Круцікаў: Гэты касцёл быў пабудаваны на месцы старога ў 1758 годзе, і разам з ім быў замоўлены сонечны гадзіннік. У тыя часы існавалі ўжо механічныя, але былі вельмі недакладныя. І таму для праверку часу каля касцёлаў у Еўропе на плошчах ставілі сонечныя. Вось тут відаць градацыю ад 4 раніцы да 8 вечара. Прынцып дзеяння такі: верхняя рыска накіраваная на Палярную зорку. А шкала рабілася ў залежнасці ад шыраты месца. Вось пазначана: 54 градусы 40 хвілінаў 2 секунды – шырата мястэчка Ішчална. Цень ад рыскі падаў на шкалу. Ён дзеючы, але рыску зламалі ў савецкія часы. Пазначанае і месца вырабу гадзінніка – Вільня. Ішчална ў часы ВКЛ была там добра вядомая. А гадзіннік – найвыдатнейшае сведчанне, што Беларусь была еўрапейскай краінай. Далей на Усход іх ніколі не было…

img_0030

Пакуль ідзе імша, ходзім па дворыку, дзе па імёнах пахаваных фундатараў і з расповедаў суразмоўцы ажывае гісторыя.

Уладзімір Круцікаў: Цяжка сабе ўявіць, што на месцы гэтай вёскі некалі знаходзіўся невялікі гарадок. Першы запіс пра падзеі ў Ішчалне датуецца 1515 годам, калі пад старастам з Эйшышкаў Андрэям Завальным быў закладзены драўляны касцёл пад назвай Святой Троіцы.

У 1708 Ішчална была занятая шведскімі войскамі, у Жалудку знаходзілася стаўка Карла ХІІ. І тыя паразбівалі касцельныя званы.

Да пачатку XVIII стагоддзя касцёлу ахвяравалі землі, грошы. Шляхціц Андрэй Завальніцкі –  200 талераў за тое, каб, калі памрэ, 500 дзён чыталі за яго імшу. Відаць, шмат грахоў нарабіў (смяецца).

У 1713 шкоды нарабіў пажар, калі згарэла плябанія, дзе былі асноўныя парафіяльныя дакументы. Таму звесткі сціплыя. Але вядома, што кірмашы праводзіліся штотыдзень, стаяла некалькі крамаў, дзейнічала карчма…

Спадар Круцікаў кажа, што бачым ці не фінальныя сцэны заняпаду храма і паселішча.

Працягвае Уладзімір Круцікаў: Пасля таго, як згарэлі дакументы, маёмасць касцёла пачала змяншацца зза шляхецкіх наездаў. Эканом з Васілішак перанёс уночы капцы і адсек некалькі гектараў зямлі. Казаў: “А пакажыце карты, дзе праходзіць мяжа. Згарэлі?” Шляхціц Ювілевіч высек паўтара гектара касцельнага лесу і засеяў сабе.

Пажывіліся касцельным дабром і паўстанцы Тадэвуша Касцюшкі.

Кажа Уладзімір Круцікаў: Атрадам на тэрыторыі Ішчалнаўскай парафіі камандаваў нейкі Хлявінскі. Забраў у свой абоз усю касцельную скарбонку, а таксама срэбныя аклады і кароны з абразаў.

***

Тым часам пасля службы выходзяць вернікі парафіі. У час сустрэчаў з сучаснымі ішчалнаўцамі пераканаўся, аднак, што іх жыццёвы гадзіннік ідзе, як самі кажуць, даўно ў адваротны бок ад сонца.

50-гадовы Іван Сербень працуе ў тутэйшым СВК “Вялікае Мажэйкава” 30 год паляводам. У яго самотныя вочы, калі гаворыць пра становішча, якое называе “жабрацкім”, “сярэдневечным” і “рабскім”.

img_1424

Іван Сербень: На лекавых травах працуем, на пасяўной копы кладзём. Вырошчваем лекавыя расліны – валяр’яну, календулу, рамашку аптэчную. Маці працавала, бацька, бабулька. Дык пасля 40 год, як і ва ўсіх, рукі-ногі ў суставах круціць. Праца пякельная, ручная і за 300 год не змянілася – цяпкамі. Карані валяр’яны той жа нябачныя – усе ў зямлі. Выкопваюць бацвінне, напалову разразаюць, каб на мыйцы лягчэй мылася. Народ бяжыць – хто ў чарку, хто куды. Моладзі няма – з’ехала. Усе старыя…

РР: Я чуў, што і бабулек прымушалі лекавыя травы збіраць?

Іван Сербень: Так, пенсіянераў! Бо інакш цукру, макаронаў, мукі не давалі. І зараз працаўнікам, калі не возьмуць дзялкі “праклятай” валяр’яны – не дадуць. А заробкі – капейчыны, бываюць да паўтара мільёна старымі… 

Цётка Аўгенія 7 год як на пенсіі. Твар мае абветраны ды спіты, сама з бутэлькай у руцэ. На маўклівае пытанне адказвае: “Што яшчэ застаецца?..”

Аўгенія: 50 рублёў новымі пенсіі атрымліваю толькі. Астатнія вылічваюць: дзяўчына паступала ў Гарадзенскі ўніверсітэт, было бясплатнае навучанне, потым зрабілі 3 мільёны ў год, і я плачу. Не маю на кавалачак хлеба – у людзей раблю. І ў калгас хаджу камяні збіраць…

Нас завозяць у бок мыйкі, што за некалькі кіламетраў ад вёскі, ля панскай яшчэ саджалкі. Адсюль на фабрыку ідзе гатовы тавар.

Кажа новы знаёмы Іван Сербень: У ванну ўлазіць паўпрычэпа – чыстая тона. Сезон доўжыцца паўтара месяца. Перамываюць у залежнасці ад завозу валяр’яны, але тон 500 выходзіць сырога кораня. Працуюць да 6 вечара з 8 раніцы – па 12 гадзінаў. Адзін дзень адзін мые, другі дзень – другі. Бывае і да 12 ночы… А гэта праца карпатлівая, а як маразы – пастойце каля мыйкі! Кашмар!

Ужо знаёмы Уладзімір Круцікаў дзеліцца ўражаннямі не як краязнаўца, а як палітык, старшыня лідскай суполкі Партыі БНФ.

Уладзімір Круцікаў: Ішчална, вядома, уражвае, бо тут ніжэйшыя на ўсёй Шчучыншчыне заробкі. Гэта прамы здзек уладаў над людзьмі. Відаць, што гаспадарка ў поўным заняпадзе. І ўсе, хто яшчэ можа працаваць, хочуць з’язджаць…

У наваколлі касцельнай парафіі некалі было да 6 тысяч насельнікаў. Паводле ж апошняга перапісу, на пачатку ХХІ стагоддзя ў самой Ішчалне заставалася за 70. Мясцовыя кажуць, што наступным разам перапісваць будзе некага.

Тым часам з амвону – і гэта адзіная добрая навіна – новы ксёндз, малады айцец Андрэй абвясціў, што першыя 60 мільёнаў старых рублёў сабралі паўтысячы вернікаў парафіі на аднаўленне ўнутранага ўбранства касцёла Святой Троіцы ды адзінага ў краіне сонечнага гадзінніка.

[Not a valid template]

Айцец Андрэй, што праводзіць службы выключна па-беларуску, разам з парафіянамі лічыць, што аднаўленне сонечнага гадзінніка паспрыяе ўключэнню Ішчалны ў турыстычныя маршруты. А гэта значыць і аднаўленню некалі шматтысячнага мястэчка са знакамітай гісторыяй, дзе засталося тры дзясяткі старых, у большасці, вяскоўцаў.

Айцец Андрэй: Нешта трэба зрабіць, каб засталося, не зруйнавалася! Усё памаленьку, з божай дапамогай…

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара