Бясплатныя вандроўкі «Курапаты — беларуская Галгофа»
Арт Вандроўня запрашае на бясплатныя вандроўкі «Курапаты — беларуская Галгофа» ў знакавае месца найноўшай беларускай гісторыі – ўрочышча Курапаты, вядомае ва ўсім свеце як месца масавых расстрэлаў пад Менскам у часы сталінкіх рэпрэсій ў 1937-1941 гг.
Экскурсіі будуць прысвечаныя дню памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, які адзначаецца беларускай грамадскасцю 29 кастрычніка. 84 гады таму, у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Менску былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты: літаратараў, выкладчыкаў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячоў.
Для ўдзелу трэба зарэгістравацца ў гугл-форме: тады арганізатары звяжуцца з вамі наконт дакладнай даты і месца сустрэчы.
Курапаты ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь і маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці як аб’ект міжнароднага значэння. Сама назва «Курапаты» лічыцца ў шырокіх колах грамадскасці сінонімам сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі.