Бязвізавы рэжым паміж Беларуссю і Кітаем стартуе 10 жніўня
Пагадненне аб бязвізавым рэжыме паміж Беларуссю і Кітаем пачынае дзейнічаць 10 жніўня. Пра гэта ў Twitter паведаміў беларускі амбасадар у КНР Кірыл Руды. Міжурадавае пагадненне аб узаемным бязвізавым рэжыме для ўладальнікаў звычайных пашпартоў было падпісанае 10 чэрвеня падчас візіту ў Кітай Аляксандра Лукашэнкі. Спачатку яго ратыфікаваў беларускі бок, пасля — кітайскі.
БЕЛТА нагадвае, што грамадзяне Беларусі змогуць знаходзіцца ў Кітаі без візы да 30 дзён падчас адной паездкі, але не больш за 90 дзён за год. Аналагічна новаўвядзенне будзе дзейнічаць і для грамадзян КНР. У выпадку, калі трэба будзе застацца на тэрмін, большы за 30 дзён, неабходна атрымаць спецыяльную візу. Адзначаецца, што ў бязвізавы рэжым закладзены бізнес-камандзіроўкі, прыватныя і турыстычныя паездкі.
Дарэчы, наша краіна адна з нямногіх у Еўропе, якая будзе мець бязвізавы рэжым з КНР.