Бязвізавыя турзоны Гарадзенскай і Берасцейскай абласцей плануюць аб’яднаць
Міністэрства спорту і турызму плануе аб’яднаць бязвізавыя турыстычныя зоны Гарадзенскай і Берасцейскай абласцей у адну, паведаміў 21 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік дырэктара дэпартамента па турызме ведамства Віталь Грыцэвіч.
„Мы назіраем актыўны попыт з боку турыстаў на веласіпедныя і пешыя маршруты па гэтых дзвюх абласцях, — адзначыў ён. — Уздоўж мяжы там ёсць ужо гатовыя веламаршруты. А аб’яднанне гэтых дзвюх зон дало б значна большы эфект”.
Паводле слоў Грыцэвіча, з 1 студзеня гэтага года Гарадзенскую вобласць па бязвізавым рэжыме наведалі каля 30 тыс. чалавек. Для параўнання: усяго з кастрычніка 2016 года ў рэгіён па бязвізе ўехала 80 тыс. турыстаў. Турыстычную зону „Брэст” і Белавежскую пушчу з 1 студзеня наведала ўжо больш за 5 тыс. замежных турыстаў. Што тычыцца Нацыянальнага аэрапорта Мінск, то з пачатку года праз яго ўехала ўжо каля 120 тыс. бязвізавых турыстаў. Пасажырапаток аэрапорта вырас на 22%.
Росту патоку паспрыяла як павелічэнне колькасці бязвізавых дзён да 10, так і пашырэнне зоны бязвіза. „Мы з цікавасцю чакаем ініцыятыў ад мясцовых уладаў для далейшага пашырэння бязвізавай турзоны. Напрыклад, палякам было б цікава наведаць Навагрудак, горад звязаны з іх гісторыяй. Аднак прайшло толькі паўгода з часу пашырэння бязвіза, і мы пакуль праводзім аналіз, як ён працуе і наколькі эфектыўны”.
„Між тым ужо бачна, што абкатка бязвізавага рэжыму для турыстаў да пяці дзён у мінулым годзе дала станоўчы эфект, і мы не бачым асаблівых праблем, звязаных з бяспекай дзяржавы, — сказаў Грыцэвіч. — Акрамя таго, наша краіна стала з’яўляцца ў розных міжнародных турыстычных рэйтынгах. у некаторых з іх трапляе адразу ў першую пяцёрку лепшых месцаў для наведвання на ўікэнд”.
Прадстаўнік Мінспорту і турызму паведаміў, што гэтым летам чакаецца прыток індывідуальных турыстаў з краін Захаду. „Самае станоўчае ў бязвізавым рэжыме, што да нас пачалі прыязджаць турысты і бізнесмены менавіта з тых краін, з якіх бы нам хацелася”, — падкрэсліў ён. Топ-5 краін, адкуль больш за ўсё ў Беларусь прыязджаюць заходнія госці, — Германія, Польшча, Італія, Вялікабрытанія і ЗША. Цікавяцца і турысты з краін Паўночнай Еўропы — Нарвегіі, Фінляндыі, Даніі.
У той жа час адкрытым застаецца пытанне з усходняй мяжой з Расеяй, адзначыў Грыцэвіч. „Мы па-ранейшаму праз міжнародныя пункты пропуску губляем шмат камбінаваных турыстаў. Якую менавіта колькасць мы губляем, не ведаем, але гэта значны паток”, — сказаў ён.