Belavia патлумачыла затрымку рэйса з Менска ў Хургаду (абноўлена)
Belavia патлумачыла затрымку рэйса з Менска ў Хургаду, праз якую турысты чакалі вылету 5 гадзін.
Як кажуць у кампаніі, самалёт зачапіў тэлескапічны трап. У выніку пашкоджанні атрымала заканцоўка левага паўкрыла.
Борт замянілі на рэзервовы. ***
У прэс-службе авіякампаніі кажуць пра інцыдэнт падчас буксіроўкі самалёта, які адбыўся ў аўторак. “Была пашкоджана заканцоўка (вінглет) левага паўкрыла паветранага судна ў выніку сутыкнення з тэлескапічным трапам”, — адзначаюць там.
У выніку рэйс у Егіпет давялося затрымаць. Пазней быў прадастаўлены рэзервовы самалёт, і пасажыры паляцелі ў Хургаду.
У панядзелак борт „Белавія”, які ляцеў у Турцыю праз Расею, здзейсніў вымушаную пасадку ў Маскве. Экіпаж падаў сігнал бедства праз праблемы з адным з рухавікоў. Пасажыры паляцелі ў Анталію на запасным самалёце.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: belavia.by