Чарговы вывазны рэйс для бежанцаў з Беларусі ў Ірак адмянілі



Чарговы вывазны рэйс для бежанцаў з Беларусі ў Ірак сёння, 30 лістапада, аказаўся адменены. Самалёт іракскіх авіяліній павінен быў вывезці з Менска ў Ірбіль некалькі дзясяткаў чалавек.

У афіцыйным telegram-канале менскага аэрапорта сёння з раніцы з’явілася паведамленне аб адмене рэйса, пры гэтым прычын супрацоўнікі не называюць. У сацыяльнай сетцы ёсць некалькі пастоў аб рэзкім пагаршэнні ўмоў надвор’я ў раёне беларускай сталіцы – аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі.

Разам з тым, вывазны рэйс 25 лістапада не адбыўся з прычыны адсутнасці аплаты Еўразвязам паліва і працы службаў аэрапорта.

Усяго на мінулым тыдні адбылося чатыры вывазныя рэйсы іракскіх авіяліній, якія даставілі дадому грамадзян, якія раней беспаспяхова спрабавалі патрапіць з тэрыторыі Беларусі ў краіны Еўразвязу.

У лістападзе каля мяжы з Польшчай сфармавалася група нелегалаў. Мігранты паспрабавалі штурмаваць прапускныя пункты, але іх спынілі польскія сілавікі.

Усяго ў лістападзе з Беларусі ў Ірак выканана пяць рэйсаў. Дадому змаглі патрапіць каля 2 тысяч чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя