Чарнаўцы – „ценевы” Львоў
Ад беларусаў, якія час ад часу наведваюць Украіну, можна пачуць захапленне Львовам. Ды й немагчыма не захапляцца старажытным горадам, які захоўвае сваё гістарычнае аблічча і традыцыі, чаго якраз мы часта не бачым у роднай Беларусі, дзе руйнуюцца альбо прастойваюць незакансерваванымі помнікі гісторыі. Але мала хто з нашых землякоў даязджае да Чарнаўцоў, якія, магчыма, не саступаюць Львову па архітэктуры, захаванні гарадскога аблічча і прыцягальнасці для турыстаў. Ужо на аўтавакзале горада становіцца зразумелым, што Заходняя Еўропа адсюль вельмі блізка. Прамыя аўтобусы ў Нямеччыну, Італію, не кажучы пра суседнюю Румынію, якая адсюль праз 40 кіламетраў.
Упершыню ў пісьмовых крыніцах Чарнаўцы згадваюцца пад 1408 годам. Чарнаўцы як правіла знаходзіліся на межах розных краін, а таму цягам гадоў горад спусташалі разнастайныя войскі. Па ім пракатваліся і войны Малдовы з Польшчай, і расейскія, і турэцкія, і татарскія ваяры. Большасць нападаў Чарнаўцы зазналі ў 15, 16 і 17 стагоддзях. З уваходжаннем горада ў Аўстра-Венгрыю на Букавіне стаў узрастаць уплыў нямецкай мовы, шмат гадоў тут паміж сабой канкуравалі ўкраінская грамада з румынскай.
У горадзе нямала ўвагі надаецца папулярызацыі славутасцяў, уласнай рэкламе. Напрыклад, актыўна прасоўваецца „нясціплы” лозунг „Чарнаўцы – найлепшы горад на зямлі”. У Чарнаўцах ёсць і адна пешаходная вуліца, яна знаходзіцца непадалёк ад Тэатральнай плошчы. Вуліца Вольгі Кабылянскай спачатку была Маладзііўскай, а пазней Панскай. Дзеля таго, каб пракласці там брукаванку, у свой час давялося вырваць з зямлі дзясяткі пнёў, а брук так бераглі, што адмыслова вылучылі на дзяжурства паліцыянта, які прымушаў некаторых мінакоў выціраць падэшвы перад паваротам на гэту вуліцу.
Каля 1 % жыхароў Чарнаўцоў (усяго насельніцтва складае 265 тысяч чалавек) – этнічныя беларусы. Калі вам пашанцуе, як аўтару гэтых радкоў, на вуліцах горада вы можаце пачуць і родную беларускую мову ад мясцовых жыхароў-беларусаў. Тыя ж беларусы, якія наведалі Чарнаўцы як турысты, часта адзначаюць, што гэты горад – у пэўным сэнсе „ценевы” Львоў. Адрозненняў паміж імі шмат, але калі вядзецца пра прыцягальнасць і прыгажосць горада, тады Чарнаўцы наўрад ці саступаюць больш разрэкламаванаму Львову. І хоць дарога сюды не самая блізкая (да прыкладу, да сталіцы Сербіі Бялграду адсюль 820 км, а да Менску 840), у Чарнаўцах варта пабываць!
[Not a valid template]
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя
на фота: 1-6 – вуліцы гораду, 7 – Армянская царква, 8 – кафедральны сабор Святога Духа, 9 – помнік цэсару Францу Іосіфу, 10 – вуліца Вольгі Кабылянскайю