Чарнігаў беларускі



Цікаўнасць беларусаў да Чарнігава распачалася задоўга да таго, як у гэтым слынным украінскім горадзе з’явіліся танныя рынкі і прывабныя гуртовыя базы.

Чарнігаў нібыта вызваляў ад легендарнага татарскага хана Балаклая легендарны наваградскі князь Скірмунт. У Чарнігаве ажно дзесяць гадоў княжыў наш Свідрыгайла. Праўда, потым Свідрыгайла спаліў гэты горад на попел, але ж талерантныя і памяркоўныя чарнігаўчане, відаць, даравалі нашаму князю. Прынамсі, у гістарычнай памяці ўкраінцаў імя Свідрыгайла не асацыюецца з тымі паскудствамі, якія ён нарабіў ва Украіне.

[Not a valid template]

У сяродзіне XVII ст., падчас “хмяльніччыны”, па Сівершчыне шныпарыла процьма пазаконных узброеных фармаванняў, якія пры падтрымцы Масковіі пнуліся экспартаваць у Беларусь казацкую анархію. Камандзір прамаскоўскіх баявікоў Марцін Нябаба, тагачасны аналаг данецкіх бандзюганаў Матаролы і Гіві, нават спрабаваў захапіць Гомель – відаць, каб зладзіць там тагачасны аналаг ДНР з ЛНРам. Войска Нябабы ўшчэнт раскалашмаціў пад Лоевым наш Януш Радзівіл, а парэшткі казакаў уцяклі да Чарнігава. Высакародны Януш Радзівіл вырашыў не браць братэрскі горад у аблогу.

А вось іншы беларус, Піліп Сцяпанавіч Орлік, пакінуў пасля сябе куды лепшую памяць і за Свідрыгайлу, і за Януша Радзівіла. Правая рука Івана Мазепы, змагар за волю і долю братэрскага народа, нацыянальны герой нашых братоў, які адмыслова для іх напісаў законы…

Дагэтуль невядома, чаму Францішак Багушэвіч пасля паразкі паўстання 1863-64 года перабраўся менавіта на Сівершчыну: спярша ў Нежын, а потым у Чарнігаў. Біёграфы сцвярджаюць, што ў Нежыне ў яго быў нейкі далёкі сваяк. Але ж найбольш верагодным падаецца версія пра блізказць Чарнігаўшчыны да паўднёвай Беларусі, прытым не толькі геаграфічную.

Сённяшнія беларусы, якія прыяжджаюць да Чарнігава, у пераважнае большасці не цікавяцца ані чужой, ані нават сваёй гісторыяй. Калі пытаешся ў такога: “А старажытныя цэрквы глядзеў?” – адказ звычайна гучыць так: “А гэта далёка ад цэнтральнага рынка?”

Сябры, браты! Чарнігаў – гэта не толькі гуртавая база на Шчорса і рынак “Ніва”! Знайдзіце час, каб наведаць Болдзіну Гару, схадзіць у Антоніевы пячоры, пашпацыраваць па сцежках на Вале!

Можа, гэтым разам вы і застанецеся без танных джынсікаў ці залішніх пляшак “Козацькой ради», але ж уражанні – яны заўсёды нематэрыяльныя, а таму куды больш каштоўныя.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

 

На здымках:

1. Пятніцкая царква канца XII ст.

2. Спаса-Прэабражэнскі сабор, 1036 г. Тут захоўваюцца мошчы князя Ігара, героя “Слова пра паход Ігараў”.

3. Барысаглебскі сабор, 1123 г.

4. Старажытная плінфа Барысаглебскага сабора.

5. Кацярыненская, яна ж «Казацкая» царква 1715 г.

6. Дом палкавой канцэлярыі, 1696 г. Тут напэўна бываў і Піліп Орлік!

7-8. Дахрысціянскія курганы на Болдзінай Гары.

9. Елецкі манастыр, заснаваны ў XI ст. Выгляд з Болдзінай Гары.