Чацвёрты Фестываль святла ў Вільні
У 699-ы дзень нараджэння сталіцы Літвы адкрыўся Фестываль святла, які стаў ужо традыцыйным. Вуліцы, скверы і дворыкі віленскага Старога горада літаральна заззялі рознакаляровымі агнямі.

Падчас фестывалю жыхары і госці Вільні могуць убачыць 20 праектаў, створаных мастакамі розных краін свету: інсталяцыі, святлапраекцыі, рашэнні лічбавага мастацтва і дызайну асвятлення.
Некаторыя працы мастакоў пасля Вільні пабачаць і жыхары іншых краін.
Экспазіцыю ў розных месцах Старога горада можна паглядзець з 25 да 29 студзеня з 17.00 да 22.00. Інсталяцыю The Great Indecision Council (TGIC) Рамейна Тардзі ў Лукішскай турме 2.0 можна будзе ўбачыць з 25 студзеня па 3 лютага.
25 студзеня свята адкрыў „гадзіншчык”, які запаліў сімвалічны гадзіннік, які будзе падлічваць, колькі дзён засталося да юбілею Вільні. У наступным годзе Вільня адзначыць свой 700-гадовы юбілей.
Як зазначыў сёлета мэр горада Рэмігіюс Шымашус, юбілей сталіцы Літвы – гэта свята нацыянальнага маштабу, ён дае магчымасць яшчэ раз нагадаць пра сабе свету, прыцягнуць новыя плыні турыстаў.
Паводле мэра, яму вельмі хочацца верыць, што ў наступным годзе юбілей не будзе азмрочаны абмежаваннямі ў рамках пандэміі, і дзень нараджэння Вільні яны змогуць святкаваць у кампаніі сяброў і з-за мяжы таксама.












Беларускае Радыё Рацыя
