Чыгуначныя зносіны паміж Расеяй і Беларуссю адновяцца 8 лютага



Старшыня ўрада Расеі Міхаіл Мішусцін 3 лютага падпісаў дакументы аб аднаўленні чыгуначных зносін з Беларуссю і павелічэнні колькасці авіярэйсаў у Менск, паведаміла прэс-служба расейскага ўрада.

Гэта рашэнне прынятае „па прадстаўленні аператыўнага штаба па папярэджанні завозу і распаўсюджвання новай каронавіруснай інфекцыі”, адзначаецца ў паведамленні.

Пасажырскія чыгуначныя зносіны з Беларуссю па маршрутах Менск — Масква — Менск, а таксама Масква — Калінінград і Калінінград — Санкт-Пецярбург (са спыненнем цягнікоў у Менску) будуць адноўленыя на ўзаемнай аснове 8 лютага.

З гэтай жа даты на ўзаемнай аснове будзе павялічана колькасць рэгулярных авіярэйсаў Масква — Менск з трох да пяці на тыдзень, а таксама адноўлены паветраныя зносіны ў Менск з Растова-на-Доне і Санкт-Пецярбурга па адным рэйсе на тыдзень з кожнага аэрапорта.

Як паведамлялася, з 21 снежня 2020 года грамадзяне Беларусі і асобы, якія маюць дазвол на пастаяннае або часовае пражыванне на тэрыторыі краіны, не могуць выехаць з краіны праз наземныя пункты пропуску (аўтадарожныя, пункты спрошчанага пропуску, на чыгуначных вакзалах (станцыях), у рачных партах). Адпаведная пастанова Савета міністраў Беларусі (№ 705) была прынятая 7 снежня. Фармальная прычына — барацьба з каронавірусам.

belapan.by