Costiera Cilentana. Ласкава запрашаем на Поўдзень



Завітаўшы ў Італію нават на тыдзень, ты адразу разумееш, чаму сюды ехалі і едуць людзі мастацтва. Прыгажосць – паўсюль! І яна літаральна кінематаграфічная!

Не дзіва, што на поўдні краіны, у мястэчку Санта-Марыя-дэ-Касталабатэ (Santa Maria di Castellabate) у 2010 годзе знялі кінастужку “Сардэчна запрашаем на Поўдзень” («Benvenuti al Sud»). Ты выпадкова завітваеш у месца здымак. І ўжо дома, пасля паездкі, глядзіш смешную камедыю Лукі Міньера пра гэтых дзіўных неапалітанцаў, якія п’юць шмат кавы на працягу ўсяго дня (!), ядуць са смакам піцу, пасту, мацарэлу і “з’ядаюць” склады, скарачаючы словы.

Поўдзень… Месца, дзе “чужынец плача двойчы – пры сустрэчы і развітанні”. Costiera Cilentana – узбярэжжа Чылента – уражвае сваёй прыгажасцю і пакручастымі спіральнымі дарогамі. Мора ўнізе і горы зверху. Шыкоўныя сосны. Прыгожыя пляжы… І немагчыма зразумець гэтых дзіўных італьянцаў, якія заканчваюць сезон напрыканцы верасня. Зірніце навокал – гарачае паветра, цёплае мора! Так, першая дэкада кастрычніка. Яшчэ першая! А вы ўжо прыбіраеце зручныя дарожкі па пляжы, шэзлонгі, парасонікі…

Зачыняеце да наступнуга года адну з дзвюх прыморскіх рэстарацый, куды мы па добрай рэкамендацыі планавалі зайсці… Чаму? Цяжка зразумець дзіўных людзей, якія ганяюць, бы вар’яты, па вузкіх і пакручастых горных дарогах, затое баяцца вады… Так, па статыстыцы траціна італьянцаў увогуле не купаецца. Жывуць ля мора ды ігнаруюць такі скарб – неверагодна! І калі ты бачыш кагосьці на пляжы, то гэта турысты…

Канец сезону мае не толькі мінусы, але і плюсы – народу на дарогах да турыстычных мясцінаў робіцца значна менш, кошты зніжаюцца, платныя пляжы пераўтвараюцца ў бясплатныя (два шэзлонгі і парасонік у сезон каштуюць 30 еўра). Вам застаюцца ўтульныя гарадкі і мястэчкі. Марозіва, кава, морапрадукты і ліманчэла ад шэфа на дэсерт – у замарожаных чарках (менавіта так – правільна!)

Італьянцы ганяюць і размаўляюць вельмі хутка. Жывуць са смакам. Не дзіва, што калісьці (а менавіта ў 11-12 лістапада 1811 года) кароль Неапаля ў 1808-1815 гг. і родзіч Напалеона Іахім Мюрат сказаў пра Кастэлабатэ: “Qui non si muore” (“Тут не паміраюць”).

Словы выбітыя на дошцы побач з замкам, пабудаваным у 1123 годзе абатам Канстабілісам. Муры абаранялі горад ад сарацынаў, а сам абат стаў святым ахоўнікам горада, названага ў яго гонар (Кастэла Абатэ).

Старое места Кастэлабатэ ўваходзіць у склад Нацыянальнага парку Чылента – аб’екта Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Тут прыгажэнныя захады сонца. Як і ў літоўскай Паланге, за імі прынята назіраць, але не з пірса – з муроў замка-музея.

Дар’я Ліс для Беларускага Радыё Рацыя