Да II Еўрапейскіх гульняў выпусцяць афіцыйны папкорн
Да II Еўрапейскіх гульняў выпусцяць афіцыйны папкорн, паведаміў на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення па маркетынгу, камерцыйных пытаннях і рэкламе фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 году» Максім Кошкалда.
Плануецца, што папкорн, як і іншая ліцэнзійная харчовая прадукцыя, паступіць на прылаўкі крам ужо ў сакавіку 2019 года.
– Унутры ўпакоўкі з папкорнам можна будзе знайсці калекцыйныя карткі з выявай 15 відаў спорту. Прадстаўляць віды спорту на малюнках будзе талісман спаборніцтваў лісяня Лесік, – адзначыў М. Кошкалда.
Паводле слоў спецыяліста, да выпуску плануецца мінімум 70 разнавіднасцяў сувенірных нехарчовых тавараў. Гэта будуць рэчы, якія з лёгкасцю можна выкарыстоўваць у побыце доўгі час: кубкі, мяккія цацкі, тэкстыльныя вырабы (ад шкарпэтак да кепак).
– Частка ліцэнзійных тавараў ужо паступіла ў продаж. Гэта кубкі і магніты. Мы правяралі попыт на сувенірную прадукцыю з лагатыпам Еўрапейскіх гульняў падчас чэмпіянату Еўропы па фігурным катанні. Яна знікла з прылаўкаў у першы ж дзень, – распавёў прадстаўнік Дырэкцыі II Еўрапейскіх гульняў.
Да сярэдзіны лютага сувеніраў на прылаўках стане больш. Продаж будзе ажыццяўляцца ў тым ліку праз крамы бяспошліннага гандлю, на заправачных станцыях. Падчас Гульняў сувеніры можна будзе набыць на ўсіх арэнах, у фан-зонах, вёсцы атлетаў.
М. Кошкалда падкрэсліў, што ўся нехарчовая прадукцыя абараняецца галаграмамі. Нелегальнае выкарыстанне лагатыпаў без пагаднення з Дырэкцыяй II Еўрапейскіх гульняў забаронена.