Дапамогу ў вяртанні дадому атрымалі больш за 6,5 тыс. суайчыннікаў



На сёння дапамога ў вяртанні на радзіму аказаная 6.527 суайчыннікам, паведаміла ўвечары 10 красавіка прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.

У прыватнасці, 80 беларускіх грамадзян вярнуліся з Польшчы на аўтобусах пры садзеянні пасольства ў Польшчы, 16 – з Германіі рэгулярнымі рэйсамі «Белавія».

10 красавіка «пры кансультатыўным садзеянні беларускіх дыпламатаў і ў кантакце з мясцовымі ўладамі» з Літвы вярнуліся 35 беларускіх мантажнікаў, якія выконвалі пусканаладачныя работы на нафтаперапрацоўчым заводзе.

«Працягвае паляпшацца сітуацыя па Інданезіі. За мінулы перыяд з гэтай краіны вылецелі на радзіму праз Амстэрдам і Доху яшчэ 5 нашых грамадзян. Ім аказваецца дапамога ў рэгістрацыі і пасадцы на рэйсы ў гарадах вылету і Джакарце», – адзначаецца ў рэлізе.

Вядзецца пошук шляхоў адпраўкі 11 грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў Чарнагорыі. Прапрацоўваецца магчымасць арганізацыі іх наступнага наземнага транзіту па маршруце Масква – Менск.

Найбольш вострымі застаюцца праблемы з далёкімі краінамі, у прыватнасці, сітуацыі ў Індыі, В’етнаме, на Шры-Ланцэ і ў Тайландзе. «Праца па спосабах вырашэння гэтых праблем не спыняецца. Нягледзячы на ўсе складанасці, звязаныя са знаходжаннем беларускіх турыстаў у названых краінах, па магчымасці прыкладаюцца намаганні па паляпшэнні якасці іх жыцця, у тым ліку ў пераводзе ў больш бяспечныя месцы размяшчэння, арганізацыі доступу да вады і прадуктаў харчавання», – адзначаецца ў рэлізе.

МЗС таксама паведамляе, што да 30 красавіка падоўжаны рэжым надзвычайнага становішча ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, акрамя таго, «захоўваецца геаграфія рэгулярных рэйсаў ААТ »Белавія« ў Еўрапейскі рэгіён і Ізраіль».

Ведамства заклікае суграмадзян «адсочваць рэлевантную інфармацыю, якая абнаўляецца на пастаяннай аснове, на сайтах беларускіх замежных устаноў і ў сацыяльных сетках, у тым ліку Міністэрства замежных спраў».

БелаПАН