Дэманы і анёлы Камбоджы
На мяжы Каралеўства Тайланд і Каралеўства Камбоджа мяне заарыштавалі і адправілі ў турму.
Было гэта так. Чарга на камбаджыйскім КПП рухалася занадта марудна. Хацелася піць, і мясцовы паліцыянт (яны ў Камбоджы замест памежнікаў) літасціва дазволіў мне схадзіць на нейтральную тэрыторыю купіць вады. Як толькі я пераступіў намаляваную на асфальце рыску, ззаду падбеглі двое паліцыянтаў, з асалодай заламілі мне рукі, надзелі кайданкі і пасадзілі ў аўтазак. Праз поўгадзіны я сядзеў у паліцэйскім пастарунку і выслухоўваў абвінавачванне ў пазаконным пераходзе мяжы. Начальнік паліцыі пагражаў мне шматгадовым знявольваннем, самай жахлівай турмой і нават пакутніцкай смерцю на чужыне.
Я ўжо ведаў, што Камбоджа – краіна неверагодна скарумпаваная; Украіна часоў Януковіча ў параўнанні з Камбоджай проста ўзор законнасці і парадку. Разумеў, што кхмерскія паліцыянты наўмысна справакавалі мяне на мяжы. Навошта? Відавочна, каб злупіць з мяне якія грошы. Толькі вось з грашыма ў мяне аказалася не надта добра…
Турэмная камера была смярдзючай і задушлівай. Праз дзве гадзіны я выклікаў мясцовага вертухая і папрасіўся да начальніка паліцыі, якому адразу і запрапанаваў хабар. Сквапны паліцэйскі хацеў сто даляраў, але пасля непрацяглага гандлю мы сыйшліся на трыццаці.
І вось – абсалютна безвыходная сітуацыя. Незнаёмая краіна, у кішэні – пятнаццаць даляраў і колькі сотняў тайскіх батаў. У Патаі, адкуль я і прыбыў у Камбоджу, засталіся ўсе мае транты і грошы. Праз пяць дзён з Бангкока – самалёт на Кіеў, але сродкаў, каб дабрацца да Патаі і Бангкока, ужо бракавала…
[Not a valid template]
Я засяліўся ў самым танным гатэлі, які толькі адшукаў у памежным Пай Пеце: маленькі пакойчык, абладаваны кафляй, без вокнаў і кандыцыянера. Па падлозе агрэсіўна шаргацелі прусакі памерам з далонь, па столі шныпарылі смарагдавыя яшчаркі. Са сценаў выторкваліся нейкія падазроныя гачакі. Гатэльны гаспадар, з якім я пазнаёміўся на раніцу, міла растлумачыў, што за часамі “чырвоных кхмераў” там была катавальня.
Я напісаў дахаты з просьбай даслаць грошы. Мне паабяцалі даслаць толькі праз два дні, бо грошы яшчэ трэба было знайсці… Але гэтыя дні трэба было яшчэ неяк пражыць.
Наступны дзень я тупа бадзяўся па горадзе. Без дай патрэбы заходзіў у мясцовы кракадзілярый, дзе люта зайздросціў рэптыліям, якіх рэгулярна і задарма кармілі мясам. З цікаўнасцю прыглядаўся да яшчарак. Нарэшце, адшукаў на ўскраіне Пай Пета бананавыя зарасці, дзе быў гатовы прыдушыць макаку-канкурэнта, якая б толькі паспрабавала перашкодзіла мне павячэраць.
А наступным днём у мой пакойчык нечакана завітаў гаспадар і запрасіў на сняданак. Маўляў, я бачу, у вас невялікія праблемы? Нічога страшнага, вы наш госць… Ці можам мы вам неяк яшчэ дапамагчы? Не саромцеся, раскажыце!
Усе мае праблемы надзіва хутка вырашыў сын гаспадара, васемнаццацігадовы містэр Хэнк. На байку ён паехаў за трыста кіламетраў у Патаю, забраў мае рэчы, замовіў квіткі ў аэрапорт і нават паабяцаў, што будзе маліць Буду, каб я без праблемаў дабраўся дахаты…
Праз два дні я быў багаты, як Джон Ракфелер, Біл Гейтс і тузін саудаўскіх шэйхаў. І, натуральна, захацеў аддзячыць і гатэльнага гаспадара, і яго шляхотнага сына. Але тыя наадрэз адмовіліся браць грошы: маўляў, людзі павінны дапамагаць адзін аднаму не толькі дзеля грошай… Вы, маўляў, не глядзіце, што ў нас і дзяржава скарумпаваная, і мянты – злыдні. Дзяржава і мянты – далёка не тое ж самае, што краіна і народ.
Спадзяюся, што тыя іншаземцы, якія трапляюць у Беларусь, таксама гэта разумеюць…
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя