Для выезду за мяжу патрэбна будзе даведка пра адсутнасць каронавіруса



Еўразвяз ужо вызначыў пералік краін, для якіх адкрые межы. Беларусь у гэты спіс пакуль не ўваходзіць. Па рэкамендацыі СААЗ, ЕЗ можа прымаць грамадзян з краін са складанай эпідсітуацыяй, калі ў іх ёсць даведка аб стане здароўя. Міністэрства аховы здароўя Беларусі распрацавала такую, піша tut.by.

3 чэрвеня прайшла анлайн-канферэнцыя з удзелам Міністэрства аховы здароўя, Дэпартамента па турызме, грамадскіх аб’яднанняў. Абмяркоўвалі правілы ўезду, выезду грамадзян Беларусі і нерэзідэнтаў.

Каб трапіць у спіс дзяржаў, грамадзянам якіх дазволены ўезд у ЕЗ, у краіне колькасць інфікаваных не павінна перавышаць 25 чалавек на 100 тысяч жыхароў. Беларусь пакуль далёкая ад такіх паказчыкаў. Аднак, згодна з рэкамендацыяй СААЗ, краіны ЕЗ могуць прымаць грамадзян з краін са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй пры наяўнасці даведкі аб адсутнасці COVID-19.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі распрацаваў дадзеныя даведкі на падставе рэкамендацый СААЗ на расейскай і англійскай мовах і гатовы выдаваць па неабходнасці.

Падставай для правядзення тэстаў і выдачы такой даведкі будзе з’яўляцца аплачаны білет туды і назад.

Каштаваць такі тэст для грамадзян Беларусі будзе 41 рубель, для нерэзідэнтаў — 56 рублёў.

Міністэрства аховы здароўя цяпер вызначае пералік паліклінік, дзе можна будзе атрымаць даведку і здаць тэст.