Драўляны касцёл у Казловічах увосень



Вёска Казловічы Гарадзенскага раёну ўваходзіць сёння ў Верцялішкаўскі сельскі савет. Адметныя Казловічы сваім драўляным касцёлам. Касцёл Маці Божай і Святога Андрэя Баболі быў збудаваны ў 1-я палове 19 стагоддзя, у 1859 годзе адрамантаваны памешчыцай Сьветчынай. Паводле іншых звестак тут з 1873 году была праваслаўная царква, якая была перададзеная пад касцёл у 1920 годзе. У 1969 годзе зачынены саветамі, а больш-менш каштоўныя рэчы перавезлі ў бернардынскі касцёл Гародні. У Казловічах з храма зрабілі збожжасховішча, якое доўгі час пуставала і з цягам часу ператварылася ў паўразбураны будынак.

Толькі ў 1989 годзе пачалі адбудову, 16 траўня 1990 годзе прайшло першае набажэнства пасьля аднаўленьня.

І яшчэ адзін цікавы факт. З 1918 года ў касцёле служыў Станіслаў Хадыка (нарадзіўся у 1893 годзе на Віленшчыне), беларускі каталіцкі святар, вязень савецкіх канцлагераў.

Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара