Друскенікі: драўляная і каменная архітэктура
Курорт на ўзбярэжжы Нёмана Друскенікі пачалі ўзводзіць у сярэдзіне 19 стагоддзя.
Адной з першых была пабудаваная праваслаўная царква, вакол яе паступова раслі драўляныя жылыя дамы і дамы адпачынку.
Ужо ў 1904 годзе Эліза Ажэшка ў лісце сваёй сяброўцы Марыі Канапіцкай згадвала, што ў Друскініках 350 віл. Пажары некалькі разоў знішчалі драўляныя забудову, у выніку чаго пачалося будаўніцтва мураваных будынкаў. У пачатку 20 стагоддзя курорт ужо мог пахваліцца вялікай каменнай лякарняй, новым касцёлам і некалькімі імпазантнымі віламі мясцовай эліты.
Адметнай рысай курортнай архітэктуры канца 19 ст. – пачатку 20 ст. можна лічыць драўляныя вілы, упрыгожаныя дэкаратыўнай разьбой. У Друскеніках гэта былыя летнія дачы шляхетных сем’яў Расейскай імперыі, і гасцявыя дамы, пабудаваныя мясцовымі польскімі і габрэйскімі прадпрымальнікамі. Цяжка вызначыць стыль гэтых лёгкіх, забаўных будынкаў: у іх архітэктуры прасочваецца ўплыў класіцызму, дэкадансу, нацыянальнага рамантызму, гістарызму, функцыяналізму…
Старая дачная архітэктура добра захавалася ў некаторых раёнах горада.
Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі Шкаплернай пабудаваны ў неагатычным стылі са слядамі ўплыву нідэрландскай і паморскай готыкі. Ён стаіць на месцы першага каталіцкага касцёла (1841-1852 г.).Праца польскага архітэктара Стэфана Шылера збольшага нагадвае Касцёл Святой Ганны ў Вільні. Будаўніцтва храма было пачата ў 1912 годзе, перапынена ў гады першай сусветнай вайны, адноўлена ў 1924 і завершана ў 1930. Фактычна будаўніцтва не было завершана, засталіся непабудаванымі два бакавыя шпілі. Прыкасцельны пляц традыцыйна застаецца галоўнай плошчай горада.
Праваслаўная царква Іконы Божай Маці «Усіх Гаротных Радасць» пабудавана ў 1865 годзе на 10 000 сярэбраных рублёў, ахвяраваных віцэ-губернатарам Гародні Якавам Рознавым.
Каменныя скульптуры і помнікі горада таксама ўражваюць сваёй арыгінальнасцю.
У горадзе ёсць прыжыццёвы помнік Данатасу Баніёнісу, які знаходзіцца побач з аздараўленчым цэнтрам Grand SPA Lietuva. Скульптар Міндоўгас Юнчыс стварыў выяву акцёра, які сядзіць на лаўцы з кнігай у руках, крыху наводдаль стаіць журавель, у 2008 годзе Баніёнісу была ўручана прэмія «Срэбны журавель».
Сучасны будынак гарадскога аквапарку – адзін з найярчэйшых мастацкіх акцэнтаў Друскенікаў, прыклад неардынарнага таленту архітэктараў Рамуалдаса і Аушры Шылінскасаў (1981 г.). Экспрэсіўная жалезабетонная пластыка выканана ў стылі постмадэрнізму. Першапачаткова будынак быў запраектаваны так, каб зверху нагадваць трылістую канюшыну з купалам у цэнтры.
У канцы 20 стагоддзя гэта была найбуйнейшая ў Еўропе лякарня, здольная абслужыць восем тысяч пацыентаў у дзень, спажываючы пры гэтым 2000 м³ мінеральнай вады. У 2007 годзе будынак быў перабудаваны для патрэбаў Аквапарку і стаў элементам новага іміджу курорта.
Вядомы будынак адміністрацыі горада Друскенікі быў пабудаваны меркавана ў канцы 19 стагоддзя як аднапавярховы жылы дом мясцовага лекара Валерыя Буякоўскага, аднаго з найбагацейшых жыхароў курорта. У 1908 годзе ён адкрыў у Друскеніках вялікі ўласны санаторый. Доктар памёр ва ўзросце 62 гадоў, заразіўшыся ад пацыента сыпным тыфам. У доме пасля быў надбудаваны паўнавартасны другі паверх, у вежцы якога знаходзіцца цяпер кабінет мэра горада.
Прываблівае турыстаў сваёй незвычайнай архітэктурай і гасцініца «Пушынас», якая месціцца ў цэнтры горада.
Васьмігранны будынак у стылі мадэрнізму нагадвае вялікую шышку, якая ўпала ў самым сэрцы горада. Жалезабетон выглядае нязвыкла лёгкім, а само будаўніцтва будынка ішло зверху ўніз, а не наадварот: гатовыя перакрыцці мацаваліся на сеткі падтрымных калон. Менавіта гэта і дазволіла ствараць цікавыя мастацкія і інтэр’ерныя рашэнні.
Будынак Музея гісторыі горада – былы дом Керсноўскага.
Неакласічная віла з элементамі мадэрну была пабудавана ў 1905-1909 г. як летняя рэзідэнцыя дваран Гарадзенскай губерні Керсноўскіх. Адзін з самых заможных людзей горада, банкір Адольф Керсноўскі, быў членам Акцыянернага таварыства, які валодаў курортам, гэта значыць фактычна вырашаў лёс Друскенікаў.
Нашчадкі Керсноўскіх валодалі вілай аж да пачатку Другой сусветнай вайны. З 1946 да 1977 года тут быў палац піянераў, а зараз у віле размешчаны Музей горада Друскенікаў. Назва вілы захавана і перакладаецца з літоўскага як „вясёлая”.
Шмат можна распавядаць пра малую і вялікую архітэктуру Друскенікаў, але лепш гэты горад наведаць самому і паглядзець на прывабныя дамкі, вілы, санаторыі і дамы адпачынку, а таксама наведаць мясцовыя музеі.
Беларускае Радыё Рацыя