Друскенікі – зона адпачынку і рэлаксу



Друскенікі – вядомы невялікі курортны горад на поўдні Літвы, у ім жыве каля 13 000 чалавек. У горадзе налічваецца каля 180 гатэляў, санаторыяў і дамоў адпачынку. Асабліва ўлетку там вельмі шмат адпачываючых і турыстаў.

Першая згадка вёскі Друскенікі датуецца 1563 годам (Літоўская метрыка). Назва паходзіць ад літоўскага слова druskininkas, якое азначае таго, хто займаецца саляным промыслам, яно паходзіць ад літоўскага слова «druska» («соль»). Назва звязана з наяўнасцю на тэрыторыі горада крыніц з саланаватай мінеральнай вадой, якія з XX стагоддзя сталі асновай курортнай індустрыі горада.

Як сцвярджаюць гісторыкі, статус курорта Друскенікі атрымалі ў 1793 годзе, калі асабістым лекарам польскага караля і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста былі эксперыментальна пацверджаны гаючыя ўласцівасці мінеральных крыніц. Вядомасць жа мінеральныя крыніцы набылі яшчэ ў канцы XVII стагоддзя, калі мясцовы селянін Пранас Суруціс і яго дзеці праславіліся ў наваколлі як «лекары».

У большасці санаторыяў, якія пабудаваныя ў Друскеніках, ёсць СПА-цэнтры, якія прапануюць працэдуры з выкарыстаннем мінеральнай вады і солі. У буйных санаторыях ёсць нават уласныя свідравіны з мінеральнай вадой, лазневыя комплексы і басейны з праграмамі кінеза- і акватэрапіі.

Першы ў Літве аквапарк быў адкрыты менавіта ў Друскеніках, 26 снежня 2006 года, а ў 2011 г. завяршылася будаўніцтва снежнай арэны (Snow Arena).  З таго часу горад пачаў прыцягваць яшчэ больш турыстаў.

Акрамя гэтага ў горадзе, асабліва ўлетку. праходзіць шмат разнастайных музычных і творчых фэстаў. Цудоўныя канцэрты класічнай музыкі ці выступы знакамітых і не зусім вядомых артыстаў могуць паслухаць адпачываючыя бясплатна. Сёлета на галоўнай сцэне горада праходзіў канцэрт класічнай музыкі, міжнародны фестываль “Залатая саната”, у якім удзельнічалі таленавітыя спевакі розных узроставых катэгорый не толькі з Літвы, Латвіі, Эстоніі, але Украіны, Арменіі, Венгрыі ды іншых краін.

У горадзе ёсць дом-музей Мікалоюса (Мікалая) Чурлёніса – літоўскага мастака і кампазітара, які вядомы як пачынальнік прафесійнай літоўскай музыкі. У гонар яго названая галоўная вуліца Друскенікаў.

Бацька музыкі быў арганістам, а маці паходзіла з сям’і евангелістаў. У сям’і размаўлялі па-польску. Таму Чурлёніс на працягу ўсяго свайго жыцця пісаў дзённікі толькі па-польску, як і ўсе свае літаратурныя творы і большасць лістоў.

Але яшчэ ў 1905 годзе ён пачаў прапагандаваць „адраджэнне літоўцаў”. Аднак яго намеры былі сустрэты насцярожана, з абурэннем. Суседзям было незразумела, чаму ў яго роднай хаце заўсёды весела, бо там штодня гучала музыка. Канцэрты Мікалоюс разам са сваёй сям’ёй ладзіў звычайна на выходных, калі наведваў у Друскеніках родную хату. Музыка даносілася з адкрытага акна хаты, якое служыла своеасаблівай сцэнай.

Гэтую традыцыю роду Чурлёнісаў захавалі і зараз выкладчыкі і навучэнцы мясцовай музычнай школы. У чэрвені на тэрыторыі дома-музея праходзіць канцэрт навучэнцаў гэтай школы. Творы Чурлёніса таксама гучаць праз адкрытае акно, а наведвальнікі назіраюць за дзеяй, седзячы ў цені дрэў сада Чурлёніса. Дарэчы, канцэрт таксама бясплатны, і кожны адпачываючы можа яго наведаць.

У цэнтры горада ёсць прыгожыя азёры Друконіс і Віюнелес, з алеямі, пляжам і разнастайнымі спартовымі і дзіцячымі пляцоўкамі побач. Тут можна пакатацца на катамаранах, пагуляць у тэніс, баскетбол, валейбол, пракаціцца на роварах, электрасамакатах, гідраскутэрах, сягвэях ды іншым па горадзе і па лесе, які знаходзіцца побач.

Таксама адпачыць можна і на галоўнай пешаходнай вуліцы Вільня алея з вялікай колькасцю кавярняў і музычным фантанам, яна якраз выходзіць да Аквапарку. Гэты музычны фантан, які мяняе свой колер і танцуе пад музыку, асабліва падабаецца дзеткам. У спякотнае надвор’е каля яго можна назіраць вельмі шмат турыстаў, там яны і фатаграфуюцца на фоне рамкі з назвай горада.

Асаблівае захапленне ў турыстаў і гасцей горада і ад мясцовай архітэктуры. Але пра гэта больш падрабязна распавядзём у наступным матэрыяле пра Друскенікі.

Беларускае Радыё Рацыя