Два абліччы Львова



Ёсць у мяне знаёмы: малады і ўзнёслы беларускі патрыёт, які ўсё свядомае жыццё марыў трапіць у Львоў. Маўляў, шыкоўная архітэктура, гістарычныя традыцыі, дух свабоды, выключна культурныя і ветлівыя людзі. А галоўнае: «Немає цієї клятої москальської мови».

І вось гадоў шэсць таму рамантычны юнак нарэшце трапляе ў сталіцу Галічыны, дзе праз гадзіну ў яго крадуць валізку з ноўтбукам і ўсімі грашыма. Маладзён ідзе да міліцыянтаў, а яны сядзяць і п’юць проста ў пастарунку. Пасля словаў: «А навіщо до нас приїхав?..” і “стежити за речами треба!..” заяву ў яго ўсё ж прымаюць. І, як гэта не дзіўна, ужо ўвечары знаходзяць злодзея – вядома ж, украінскамоўнага. Праваахоўнікі крыху лупцуюць ліхадзея па нырках, і той ахвотна вяртае нарабаванае. Пасля чаго нахабна вымантачваюць з нашага хлопца грошы: маўляў, мы што – задарма стараліся?..

Львоў – гэта не толькі сталіца ўкраінскага нацыянальнага супраціву, не толькі каменныя львы старажытных вуліц і залачоныя дэкоры Опернага тэатру.  Львоў – гэта і пахмурныя мікрараёны, якія няўлоўна нагадваюць менскі “Аўтаз”. Гэта і разбітыя ходнікі, і забітыя ранішнія маршруткі, што ідуць з ускраін у цэнтр горада, і перапоўненыя смеццевыя бакі.

Львоў — найперш  горад, у якім жывуць людзі, і людзі гэтыя вельмі розныя. Вытанчаныя паэты і нахабныя жабракі, бліскучыя музыкі і абыякавыя мяшчане, палымяныя патрыёты і чыноўнікі-казнакрады, пыхлівыя “мажоры” на татавых “лексусах” і хабёльскага выгляду “рагулі”. Такім словам, як хто не ведае, у Львове называюць гопнікаў («dresiarze» па-польску).

Львавяне не ходзяць штодня на оперныя прэм’еры, не шпацыруюць без патрэбы папулярнымі турыстычнымі маршрутамі, не бавяць час у вулічных кавярнях. Яны проста жывуць у сваім горадзе, і жыццё гэтае далёка не такое ўзнёслае і прыгожае, як нам іншым разам падаецца з Беларусі.

Калі вы прыедзеце ў Львоў – не палянуйцеся паехаць куды на ўскраіну. Паглядзіце на блочныя дзевяціпавярховікі, пасядзіце ў якім вулічным гандэлку. Разумею, што ўбачанае будзе далёка не такім эстэтычным, як “Чорная камяніца” на плошчы Рынак ці Каралеўскі Арсенал, на якія абавязкова трэба паглядзець. Але ж менавіта знаёмства з абодвума абліччамі Львова дапаможа скласці найбольш поўнае ўяўленне пра гэты горад.

01_lvou

Оперны Тэатр – адна з візітовак Львова

02_lvou

Капліца Баімаў XVII ст. – яшчэ адна львоўская адметнасць

03_lvou

Гістарычны цэнтр

04_lvou

Помнік Адаму Міцкевічу, збудаваны на ахвяраванні галіцыйскіх палякаў.

05_lvou

«Чорная камяніца» XVI ст. на «Плошчы Рынак»

06_lvov

Касцёл святых Вольгі і Елізаветы.

07_lvov

Ратуша Львова

08_lvov

Тыповая львоўская ўскраіна

09_lvov

Такіх дзірак у ходніках багата нават у гістарычным цэнтры горада.

10_lvov

Раён непадалёк чыгуначнага вакзала

11_lvov

Прывакзальны рынак Львова амаль не адрозніваецца ад беларускіх.

12_lvov

13_lvov

14_lvov

15_lvov

Гістарычная забудова не ў лепшым стане, чым беларуская.

16_lvov

Вулічны гандаль «сэканд хэндам» у гістарычным цэнтры.

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара