Дваццаць атэставаных экскурсаводаў з’явілася на Піншчыне
Дваццаць атэставаных экскурсаводаў з’явілася на Піншчыне. Гэта слухачы курсаў знанага ў краіне адмыслоўца турыстычнай галіны Таццяны Хвагінай. Менавіта яна сёлета ініцыявала ў Пінску падрыхтоўку прафесійных гідаў. Пасля трох месяцаў заняткаў пінчукі паспяхова здалі іспыты ў Нацыянальным агенцтве па турызму, дзе і атрымалі свае легітымацыі.

Таццяна Хвагіна гаворыць, што ва экскурсійнай справе не павінна быць аматаршчыны:
– Калі чалавек сядзеў-сядзеў і надумаўся: буду экскурсаводам. Можа быць, у яго ёсць здольнасці, можа, ёсць і талент расказчыка, можа, ёсць у яго адпаведныя веды. Але я ўпэўнена, што ў яго няма ўсёй сістэмы тых навыкаў, якая тут патрэбна. І як гэты самавук выходзіць на аўдыторыю і што ён можа ім сказаць? Я супраць такога, што экскурсавод можа стаць экскурсаводам сам па сабе.
Суразмоўца дадае, што ў Беларусі, асабліва ў рэгіёнах, востра не хапае прафесійных экскурсаводаў, а без іх немагчымае развіццё як унутранага, так і ўязнога турызму.
Беларускае Радыё Рацыя
