Дзеці з Падляшша на экскурсіі ў Гародні



Паглядзець на Беларусь, на Гародню, прыехалі ўпершыню дзеці з падляшскіх Залукаў (гміна Гарадок, што па суседству з польска-беларускай мяжой). Невялікая школа, у якой некалькі дзясяткаў навучэнцаў вывучаюць беларускую мову. У групе дзеці 12-15 гадоў. Дарога да Гародні, як кажуць дзеткі, была няцяжкай:

Першы раз прыехалі ў Гародню.

– Хочам пабачыць беларускі заапарк.

– Заўтра ідзем у заапарк. Сёння – экскурсія па горадзе.

– Стаміліся ад дарогі.

– На мяжы бачылі лася.

– Мы даехалі аўтобусам, ехалі нядоўга, таму не змучаліся.

Марыя Панасэвіч-Дубіцкая, выкладчыца групы дзетак залуцкай школы, расказала, якія задачы паставілі педагогі да паездкі ў Гародню.

Будзем тут два дні. Хочам пабачыць, што тут цікавага ёсць. У нас усе дзеці вывучаюць беларускую мову ў школе. Наша школа маленькая, там толькі 47 вучняў. Захацелі пабачыць месца, дзе ёсць мова, якой яны вучацца. Ужо некалькі чалавек мы сустрэлі, і ўсе гавораць на рускай мове. Дзеці пытаюць, чаму так. А мы хочам даведацца пра беларускія карані, будынкі, цікавых людзей, каб з імі пазнаёміцца.

Дзеці з Падляшша адведаюць заапарк, сустрэнуцца з беларускім музыкам і паўдзельнічаюць у экскурсіі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара

* * *

Польскія школьнікі ў Гродне: «З дапамогай гурта Dzieciuki адкрылі Беларусь з іншага боку»

Знаёміцца ​​з Гродна і Беларуссю 4 чэрвеня прыехала група школьнікаў з падляшскіх Залукаў, якія вывучаюць беларускую культуру і мову. Падлеткі ў першую чаргу хочуць пазнаёміцца ​​з краінай, пра якую шмат чулі, але ніколі не бачылі, а таксама пагутарыць з носьбітамі беларускай мовы.

Журналісты Hrodna.life пазнаёмілі гасцей з гісторыяй Гродна – правялі экскурсію па вулачках старога горада, паказалі мясцовыя славутасці, і завялі ў музеі Ігара Лапехі і Януша Паруліса.

Польскіх школьнікаў у Гродне цікавіў і лідар гурта Dzieciuki Алесь Дзянісаў. Спецыяльна для іх музыка зладзіў сустрэчу ў Цэнтры гарадзкога жыцця. Там ён пагутарыў з імі пра творчасць гродзенскага калектыву і культуру Беларусі.

«У нас у Залуках (гміна Гарадок) ёсць вясковая школа і вучні там вывучаюць беларускую мову і культуру. Тры гадзіны на тыдзень, – распавядае адна з настаўніц Уля Шубзда. – І нам вельмі цікава прыехаць у Гродна. Хацелася, каб вучні ўбачылі тут людзей, якія робяць цікавыя рэчы для папулярызацыі беларускай культуры, кажуць на мове. Паказаць тую самую крутую Беларусь, якой можна захапляцца і натхняцца. Для нас такія паездкі важныя, бо мы хочам пазнаёміцца з Беларуссю бліжэй. Напрыклад, шматлікім вучням школы падабаецца гурт Dzieciuki. З дапамогай яго яны адкрылі для сябе Беларусь з іншага боку. Зразумелі, што беларуская культура і мова не толькі дзесьці ў вёсках і народных калектывах, але і ў буйных гарадах, яна папулярна сярод моладзі».

 

hrodna.life