Дзевяць краін ЕЗ перасталі выдаваць турыстычныя візы расейцам



У Расеі прызналі, што траціна краін Еўрапейскага Звяза не выдае турыстычныя візы расейцам. Пра гэта заявіла Асацыяцыя тураператараў Расеі, паведамляе расейскае дзяржаўнае агенцтва ТАСС.

Латвія, Літва, Эстонія, Польшча, Чэхія, Славакія, Данія, Бельгія і Нідэрланды не прымаюць ад расейскіх турыстаў дакументы на атрыманне віз.

Пры гэтым некаторыя краіны працягваюць выдаваць візы расейцам.

Як адзначылі тураператары, працягваюць прымаць дакументы на візы пад паездкі Італія, Іспанія, Грэцыя, Францыя, Венгрыя і Кіпр. Яны выдаюць нацыянальныя візы.

ЕЗ пакуль не ўводзіць агульную забарону на турыстычныя паездкі расейцаў, паколькі шэраг краін, у тым ліку Венгрыя, выступілі супраць.

Аднак з 12 верасня ўступіла ў сілу рашэнне Савета ЕЗ аб прыпыненні дзеяння пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму з РФ.