Джыракастра. Магутны замак на магутнай скале
Кожны, хто ўпершыню трапляе ў маляўнічае албанскае мястэчка Джыракастра, адразу звяртае ўвагу на замак, што высіцца па-над гарадком. Замак, складзены з цёсаных камянёў, ашаламляе веліччу і, натуральна, спараджае мастацкія асацыяцыі пра прыгнятальнікаў-феадалаў, варожыя аблогі і крывавыя штурмы.
Дакладны час пабудовы гэтай фартэфікацыйнай спаруды невядомы. Упершыню яна згадваецца ў гістарычных дакументах у ХІV стагоддзі, як “срэбная крэпасць”. Фартэцыю неаднаразва абкладалі ворагі з поўначы, усходу і поўдня і нават бралі яе штурмам – у 1418 годзе туркі ўварваліся ў замак і вырэзалі там усё жывое. Пасля чаго і апанавалі магутную крэпасць на цэлых пяцьсот гадоў. Муры пашыраліся, узводзіліся новыя вежы, казармы, арсенал і нават акведук кшталту рымскага, прытым на будаўнічых працах зганялі выключна палонных.
З цягам часу фартэцыя прыйшла ў заняпад. Муры аплылі, вежы абсыпаліся, і мясцовыя часцяком выкарыстоўвалі яе, як дармавы склад будаўнічых матэрыялаў.
У шасьцідзесятыя гады ў замку распачалася рэстаўрацыя. І адразу паўстала пытанне: цалкам аднаўляць разбуранае ці “пакінуць, як ёсць”? Перамаг другі варыянт. Шпацыр па замку наводзіць на думку, што дбайная кансервацыя заўсёды лепш за дэкаратыўную рэстаўрацыю. Эстэтычна замак Джыракастры глядзіцца бездакорна.
[Not a valid template]
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара