Дзяржпагранкамітэт пацвердзіў бязвіз для грамадзян Латвіі і Літвы
Дзяржаўны пагранічны камітэт пацвердзіў увядзенне бязвізавага рэжыму для грамадзян Літвы і Латвіі. Афіцыйна ён уводзіцца для наведвання сваякоў і падчас велікодных свят, паведамляе reform.by.
Фота: ГПК
«На фоне працяглых каронавірусных абмежаванняў у грамадзян сумежных краін ЕЗ у цяперашні час няма магчымасці наведаць сваякоў у Беларусі з прычыны адсутнасці віз. Улічваючы дадзеныя абставіны, а таксама ў сувязі з набліжэннем праваслаўных і каталіцкіх рэлігійных святаў, кіраўніцтвам краіны прадастаўлена права бязвізавага ўезду, выезду і знаходжання ў Беларусі грамадзянам Латвіі (а таксама якія маюць статус неграмадзяніна Латвіі) і Літвы», – паведамілі ў ДПК.
Перасякаць мяжу без візы можна будзе ў пунктах пропуску на беларуска-латвійскім і беларуска-літоўскім участках мяжы. Бязвізавы парадак перасячэння мяжы дзейнічае з 00 гадзін 15 красавіка па 15 траўня ўключна. Перасякаць мяжу можна неабмежаваную колькасць разоў. Знаходзіцца можна на ўсёй тэрыторыі Беларусі, дазваляецца наведваць памежную зону без пропуску. Жадаючым трапіць у пагранзону трэба вусна паведаміць аб гэтым супрацоўніку пагранічнай службы і ўказаць населеныя пункты і мэту іх наведвання.
„Для ўезду ў Рэспубліку Беларусь усім замежным грамадзянам неабходна прад’явіць сапраўдны дакумент для выезду за мяжу, медыцынскую страхоўку, зялёную карту (пры накіраванні на аўтамабілі) і адмоўны ПЦР-тэст або сертыфікат аб вакцынацыі”, – паведамілі ў ДПК.