Эдвард Злобін: Луіза Арнэр Бойд адкрыла Палессе свету
“Краіна Палессе” – такую назву атрымаў фотаальбом па выніках двухмесячнай экспедыцыі чальца Амерыканскага геаграфічнага таварыства Луізы Арнэр Бойд (экспедыцыя завершылася 80 год таму, у кастрычніку 1934 года). Фотаальбом выдалі ў Нью-Ёрку.
Пасля гэтага, фотаздымкі аформілі ў выставу “Паляшук вачыма Луізы Бойд”. Экспазіцыя прыцягнула вялікую ўвагу карэнных амерыканцаў і эмігрантаў. У 1987 годзе выставу прывезлі ў Польшчу.
Краязнаўца Эдвард Злобін адзначыў, што Бойд адкрыла сусветнай супольнасці цуды Палесся:
– На самой справе яна адкрыла і паказала Палессе ва ўсёй сваёй шмаграннасці і арыгінальнасці. У прынцыпе, яна паказала свету, што такое Палессе. Не выпадкова менавіта ў гэты перыяд, у сярэдзіне 30-х гадоў, быў пэўны выбух цікавасці да Палесся, як да турыстычнага аб’екта.
Чакаецца, што са снежня бягучага года на Берасцейшчыне пачнецца рэалізацыя культурна-асветніцкага праекта, прысвечанага 80-годдзю экспедыцыі, па выніках якога, павінны з’явіцца: турыстычны маршрут, дакументальная стужка ды выдадзены фотаальбом.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя