Экскурсавод: Людзі адкрываюць наноў Беларусь
За апошнія тры гады беларусы ў 2,5 разы сталі менш выязджаць з турыстычнаю мэтаю ў замежжа і ў 1,5 разы болей пачалі вандраваць па Беларусі, — паведамілі ў Нацыянальным агенцтве па турызму. Сёлета, як і летась па краіне падарожжы здзейсніла звыш 1,5 мільёна грамадзянаў. Як сведчыць статыстыка: 30% беларусаў выпраўляюцца ў экскурсіі па некалькі разоў на год, а амаль 80% падарожнічаюць асобна сем’ямі ці групкамі з некалькі сем’яў.
Экскурсавод пагаджаецца з такімі лічбамі, бо літаральна на тыдні прыймала ў Пінску турыстаў з Менскай вобласці:
— Была ў мяне невялічкая група, чалавек 10, некалькі сем’яў з Салігорску, якія паглядзелі Пінск. Для мяне і паміж сабой кажуць: мы былі ў Гішпаніі, мы былі ў Грэцыі, — пералічваюць краіны, дзе яны былі, — а тут жылі і Пінск не бачылі, які ж ён прыгожы, трэба ўлетку прыязджаць, пажыць, мы адкрываем Беларусь.
Дарэчы ўлетку Інстытут сацыялогіі пры Нацыянальнай акадэміі навук апытаў тысячу грамадзянаў адносна іх турыстычнага выбару. Выявілася, што 90% апытаных гатовыя вандраваць па Беларусі, але з іх 37% заявілі пра высокія цэны ва ўнутраным турбізнэсу.
Беларускае Радыё Рацыя