Эстонія адмовілася пускаць расейцаў, якія ўцякаюць ад мабілізацыі



Эстонія не мае намеру даваць прытулак расейцам, якія імкнуцца пазбегнуць мабілізацыі. Раней выдаваць ім гуманітарныя візы адмовілася Латвія. Літва будзе разглядаць заявы «ў індывідуальным парадку». Пра гэта заявілі міністры замежных спраў гэтых краін.

«Адмова ад выканання свайго грамадзянскага абавязку ў Расеі не з’яўляецца дастатковай падставай для прадастаўлення прытулку ў іншай краіне», — заявіў міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу ў адказ на ліст Reuters. Эстонскае МУС таксама паведаміла, што расейцаў, якія маюць дазвол на жыхарства ў Эстоніі, не пусцяць назад у краіну, калі яны выедуць ваяваць ва Украіну.

Раней кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс напісаў, што краіна «з меркаванняў бяспекі не будзе выдаваць гуманітарныя ці іншыя тыпы візаў тым грамадзянам Расеі, якія ўхіляюцца ад мабілізацыі».

Міністэрства замежных спраў Літвы паведаміла, што заявы аб прытулку будуць «разглядацца ў агульным парадку, з улікам усіх абставін і на індывідуальнай аснове». Таксама ведамства дадало, што Літва «не мае мэты і магчымасці выдаваць візы з гуманітарных меркаванняў усім расейцам, якія па іх звяртаюцца».

І сеціве з’явілася відэа, на якім відаць, як у Дагестане мясцовыя жыхары перакрылі федэральную трасу. Ніхто з іх не жадае ехаць на вайну з Украінай.

Беларускае Радыё Рацыя