Эстонія працягне выдаваць гуманітарныя візы беларусам



Святлана Ціханоўская стэлефанавалася з міністрам замежных спраў Эстоніі Урмасам Рэйнсалу, прызначаным на гэтую пасаду ў ліпені, паведамляе дарадца беларускага палітыка Франак Вячорка.

Бакі пагаварылі аб Украіне, палітзняволеных і чыгуначных партызанах. Міністр запэўніў, што ніякіх абмежаванняў у дачыненні да беларускіх студэнтаў уведзена не будзе, а беларусам у Эстоніі па-ранейшаму будуць выдаваць гуманітарныя візы.

Ціханоўская таксама ўзняла шэраг пытанняў, звязаных з міграцыяй. Суразмоўцы дамовіліся аб правядзенні працоўных сустрэч па гэтым пытанні. Міністр запрасіў Ціханаўскую наведаць Талін. Таксама ў Эстоніі з’явіўся афіцыйны ўпаўнаважаны Ціханоўскай, які будзе займацца пытаннямі беларусаў і наўпрост мець зносіны з урадам і парламентам.

Урмас Рэйнсалу з’яўляецца міністрам замежных спраў ва ўрадзе Эстоніі з 18 ліпеня 2022 года. Ён таксама займаў гэтую пасаду ў 2019–2021 гадах. Палітык арганізаваў слуханні па Беларусі ў Радзе Бяспекі ААН. У 2021 годзе Рэйнсалу ўзнагародзіў Ціханаўскую ордэнам Крыжа зямлі Марыі за заслугі перад Эстоніяй і актыўна ўздымаў беларускае пытанне на міжнароднай арэне.

reform.by