Эстонскі аўтаперавозчык Lux Exspress адкрыў даччыную кампанію ў Беларусі
Як паведаміў журналістам член праўлення Lux Exspress Group Рэмель Райт 18 верасня на прэс-канферэнцыі ў Менску, у найбліжэйшы год даччыная кампанія будзе выконваць мясцовыя заказныя перавозкі, а потым плануе арганізаваць рэгулярныя пасажырскія міжнародныя маршруты. Першым з іх можа стаць рэйс Менск — Санкт-Пецярбург — Хельсінкі.
Аўтобусы Lux Exspress у супрацоўніцтве з дзяржаўным перавозчыкам „Мінсктранс” ездзяць паміж Менскам і гарадамі Прыбалтыкі з 2012 года. Штодня па маршруце Менск — Панявежыс — Рыга выконваецца чатыры рэйсы — два ў адзін бок і два ў другі. „З 2012 года паслугамі гэтага маршруту скарысталіся амаль 250 тысяч чалавек. Гэта прыкладна 55 тысяч пасажыраў штогод”, — сказаў Райт.
Таксама беларускія турысты з дапамогай эстонскага перавозчыка могуць трапіць з перасадкай у Рызе ў Талін і ў скандынаўскія краіны.
За 2018 год пасажырапаток па маршруце Рыга — Панявежыс — Менск вырас на 12%, расказаў Райт. „Добра, што Беларусь праз культурныя сувязі, праз спартыўныя мерапрыемствы сябе прэзентуе. Прыклад гэтага — чэмпіянат свету па хакеі 2014 года, — сказаў ён. — Пасажырапаток тады вырас у два разы. Акрамя таго, да гэтай падзеі на нашым маршруце ў Беларусь наогул не было фінаў. У гэтай краіне было вельмі цяжка прадаць Беларусь. Тады ж яны адкрылі для сябе Беларусь і цяпер ездзяць рэгулярна. У Эстоніі ўжо добра ведаюць Беларусь — прадукты, якасць, свежае паветра”.
Траціну пасажыраў рэгулярных рэйсаў Lux Exspress у Беларусь складаюць беларусы, яшчэ траціну — латышы і астатняя частка — грамадзяне Эстоніі, Фінляндыі і іншых краін. Сярэдняя загрузка аўтобусаў — больш за 60%. Квіткі з Менска да Рыгі каштуюць ад 10 да 22 еўра ў залежнасці ад сезона, наяўнасці акцый і глыбіні продажу. Каля 70% беларусаў купляюць квіткі на аўтобус праз інтэрнэт. „Гэта добрая лічба, але яна можа быць вышэйшай, таму што па ўсіх краінах наш сярэдні працэнт выкупу білетаў праз інтэрнэт — большы за 80%, а на рэйс Хельсінкі — Санкт-Пецярбург — 95%. Рост продажу білетаў праз інтэрнэт у апошні час складае 20—25% у год. Гэта больш выгадна для саміх пасажыраў, танней”, — адзначыў Райт.
Чэмпіянат свету па хакеі ў 2021 годзе ў Менску і Рызе, на яго думку, павялічыць пасажыраабарот удвая. „У перспектыве, калі мы дададзім да ўжо наяўных рэйсаў з Мінска ў Рыгу і назад яшчэ адзін аўтобус, колькасць пасажыраў вырасце на траціну”, — сказаў Райт.
Перавозчык Lux Exspress Group прадстаўлены 25 маршрутамі ў сямі краінах: Эстоніі, Расеі, Фінляндыі, Латвіі, Літве, Польшчы і цяпер у Беларусі. У дзень выконваецца каля 250 рэйсаў. За 2018 год было перавезена больш за 3 млн пасажыраў.
belapan.by