Еўфрасіннеўская капліца ў Рэчыцы



У самым цэнтры Рэчыцы на беразе Дняпра стаіць ужо больш за 20 год помнік, дзеля якога трэба наведацца ў гэты горад.

Помнік гэты паставілі ў 1995 годзе якраз на тым месцы, дзе 85 гадоў таму спынялася рака (каўчэг з мошчамі святых) , якую па Дняпры везлі з Кіева. Існуе легенда, што ў тым каўчэгу былі таксама і мошчы Святой Еўфрасінні Полацкай, а Рэчыца стала першым беларускім месцам, дзе той каўчэг спыніўся. Капліца ў гонар 85-годдзя спынення каўчэга называлася проста – Юбілейная.

Калі будавалі капліцу, яна мусіла быць прымеркаванай да шматлікіх юбілеяў: 1000-годдзя Хрышчэння Русі, 50-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, – а таксама подзвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў і памяці ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы.

Аднак жыхары Рэчыцы далі ёй простую назву –  капліца Еўфрасінні Полацкай. Некаторыя гэта месца называюць  таксама і па-іншаму  -капліца Ўсіх Беларускіх Святых, бо на  чатырох апорах капліцы зроблены абліччы 12 беларускіх святых і асветнікаў.

Помнік вельмі вялікі – больш за 24 метры і вельмі ўражвае. Нібы хаваючыся ўнутры помніка стаіць на велізарным камяні-валуне праваслаўны вялікі крыж з моранага дуба, у цэнтры якога змешчаны латуневы крыж, падораны аўтарам капліцы Эдуардам Агуновічам.

Мясцовыя жыхары кажуць, што калі вы прыязджаеце ў Рэчыцу  – вам абавязкова трэба дакрануцца да гэтага каменя, і жаданне збудзецца ўжо праз год. Да каменя я, на жаль, не дакрануўся, бо быў лютаўскі, амаль 20-градусны мароз, але даў сабе абяцанне, што наступным разам, калі прыеду ў Рэчыцу, абавязкова гэта зраблю.

[Not a valid template]

Андрэй Мялешка, Гародня-Рэчыца-Гародня

Фота аўтара