Еўрапейскія візы беларусам працягваюць выдавацца
Шэнгенскія і нацыянальныя візы ў краіны Еўразвязу беларусам працягваюць выдавацца.

Пра гэта напісаў у Facebook Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай.
„Мы правялі размовы з МЗСамі шэрагу краінаў і з офісам камісара па ўнутраных справах, быў сазвон з Еўракамісіяй учора ў справе журналістаў. Няма плану адмяняць выдачу віз. Я спадзяюся, што ў выпадку з Чэхіяй гэта прыкрая памылка. Ёсць іншая праблема, што дыпламаты ў Менску знаходзяцца пад пастаянным ціскам, штат пастаянна скарачаецца, і няма магчымасці выдачы візаў аператыўна. А зараз ідзе вялізны паток заявак: людзі ўцякаюць ад вайны. Таму важна набрацца цярплівасці”.
Таксама Ціханоўская накіравала ліст у Еўракамісію, каб трактавалі беларусаў, якія выязджаюць з Украіны, як ваенных уцекачоў, гэтаксама як украінцаў.
