Еўразвяз з 5 чэрвеня забароніць палёты беларускіх авіякампаній у краіны ЕЗ
Еўразвяз ад суботы забароніць палёты ў краіны ЕЗ беларускіх авіякампаній, а таксама дасць рэкамендацыю кампаніям краінаў ЕЗ пазбягаць палётаў над Беларуссю.
Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на трох дыпламатаў. Агенцтва паведамляе, што праект рашэння падрыхтавалі амбасадары краін Еўразвязу, а рашэнне будзе прынятае, калі не будзе пярэчанняў з боку краін ЕЗ да 15-й гадзіны паводле менскага часу. Паводле дыпламатаў, пярэчанняў не чакаецца.
Першапачаткова Reuters паведамляла, што на палёты авіякампаній краінаў ЕЗ таксама будзе ўведзеная забарона, але пазней суразмоўцы агенцтва патлумачылі, што гэта будзе рэкамендацыя, якая не з’яўляецца юрыдычна абавязковай. Гэта наступствы згаданага інцыдэнту з прымусовай пасадкай у Менску самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair 23 траўня.
Беларускае Радыё Рацыя