Еўразвяз закрыў мяжу для фураў з Беларусі і Расеі



У адпаведнасці з уведзенымі санкцыямі Еўразвяза забараняецца ўвоз і транзіт грузаў аўтатранспартам з Беларусі і Расеі на тэрыторыю Еўразвязу, паведамляе svaboda.org.

Фуры, якія збіраліся ўехаць у Еўразвяз з Беларусі і Расеі, з сённяшняга дня (09.04) ужо не змогуць гэтага зрабіць.

Да 16 красавіка забарона не прымяняецца ў дачыненні да перавозкі грузаў, якая пачалася да 9 красавіка: беларускія фуры, якія ўжо знаходзяцца на тэрыторыі Еўразвязу, могуць вярнуцца ў Беларусь, а таксама фуры, якім неабходны транзітны праезд праз ЕЗ, каб вярнуцца ў Беларусь, могуць уехаць у Еўразвяз. З 16 красавіка ўводзіцца поўная забарона на перасячэнне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЕЗ.

Выключэнні:

1. забарона не распаўсюджваецца на грузавы транспарт, які перавозіць пошту;

2. кампетэнтныя органы дзяржавы-чальца ЕЗ могуць дазволіць перавозку грузаў з Беларусі, калі гэтая перавозка неабходная для:

– пакупкі, імпарту або транзіту ў ЕЗ прыроднага газу і нафты, у тым ліку нафтапрадуктаў, а таксама тытанавай, алюмініевай, меднай, нікелевай, паладыевай і жалезнай руды;

– пакупкі, імпарту або транзыту ў ЕЗ фармацэўтычных, медыцынскіх, сельскагаспадарчых і харчовых прадуктаў, уключаючы пшаніцу і ўгнаенні.

– гуманітарных мэтаў;

– дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтваў ЕЗ і дзяржава ЕЗ у Беларусі, у тым ліку дэлегацый, амбасадаў і місій, або міжнародных арганізацый у Беларусі, якія карыстаюцца імунітэтамі ў адпаведнасці з міжнародным правам.

У рашэнні сказана, што краіна-чалец Еўразвязу павінна інфармаваць іншыя краіны ЕЗ і Еўракамісію аб любым рашэнні датычна дазволу на ўезд фураў з Беларусі і Расеі на працягу двух тыдняў з моманту дазволу.