Еўразвяз закрывае неба для «Белавія»



Авіякампанія «Белавія» адмяніла палёты ў восем краін. У сувязі з забаронай на выкананне рэйсаў з боку шэрагу краін «Белавія» вымушана адмяніць палёты па 30 кастрычніка па шэрагу кірункаў,  у тым ліку пакуль не будуць здзяйсняцца авіяпералёты па маршруце Менск-Варшава. Па словах прадстаўніцы беларускай дыяспары ў Беластоку Наталлі Сцепанцовай, наколькі правільнае рашэнне з боку Еўразвязу па санкцыях да «Белавія» у сувязі з інцыдэнтам з самалётам кампаніі Ryanair, пакуль ацаніць складана, але гэта дакладна ўскладніць камунікацыю беларусаў са сваякамі ў Беларусі:

– Адназначнага меркавання па гэтым пытанні ў мяне няма. Безумоўна, шмат людзей пацярпела, бо наземная мяжа закрыта. Выехаць без падставаў – такіх як праца, вучоба ці наяўнасць польскага пашпарта зараз наўпрост немагчыма. Ведаю, што шукаюцца магчымыя шляхі вырашэння гэтага пытання, каб людзі не аказаліся  закрытымі ў ізаляцыі без магчымасці выезду з Беларусі. Набліжаецца лета, людзі, якія выехалі, да якіх збіраліся прыехаць родныя, сябры з гэтым ёсць праблема, што людзі не могуць убачыцца.

Як паведаміла прэс-служба авіяперавозчыка «Белавія» па 30 кастрычніка адмененыя рэйсы ў Варшаву, Калінінград, Берлін, Франкфурт, Гановер, Мюнхен, Вену, Брусэль, Амстэрдам, Мілан, Рым і Барселону. Пасажыры могуць змяніць дату вылету квітка або вярнуць поўны кошт без штрафаў на працягу года з моманту набыцця.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя