Еўропа хоча больш шырока адкрыць свае межы
З першага траўня на граніцы ў Гарадзенскай вобласці пачалі браць аплату за выезд з Беларусі. 1 базавая велічыня – або 29 рублёў – з аднаго транспартнага сродку, незалежна ад колькасці пасажыраў у ім. Такое рашэнне прыняў абласны Савет дэпутатаў, яно будзе дзейнічаць да 1 студзеня 2023 года, а сабраныя сродкі маюць пайсці на змаганне з каронавірусам. Іронія палягае ў тым, што аніякіх транспартных сродкаў цяпер на выезд з Беларусі ў напрамку Польшчы ці Літвы – не назіраецца. Збольшага гэты мясцовы збор цяпер плацяць толькі рэйсавыя маршруткі, тыя ж з Гародні ў Беласток, а гэта ў сваю чаргу адбіваецца і на кошце білетаў. Перавозчыку трэба кампенсаваць страты, бо пасажыраў цяпер мала, прыбыткі істотна ўпалі. Для Гарадзеншчыны, дзе многія прызвычаіліся перыядычна ездзіць па пакупкі ў Польшчу, а многія працуюць у Кузніцы, Саколцы, Беластоку ды іншых гарадах краіны-суседкі, абмежаванні на граніцы – сур’ёзная перашкода. І, напэўна, такія рашэнні ўладаў не надаюць ёй аўтарытэту ў вачах людзей, а наадварот выклікаюць яшчэ большую непрыхільнасць. Штодня з надзеяй заглядаю на старонку Міністэрства аховы здароўя, але там зменаў у перамяшчэнні праз дзяржаўную граніцу пакуль няма, таксама, як і логікі ў пэўных рашэннях.
У той жа час краіны Еўропы пачынаюць думаць пра тое, каб свае граніцы адкрываць шырэй. Па-першае, ідзе на спад трэцяя хваля пандэміі, па-другое, дае станоўчыя вынікі і масавая вакцынацыя насельніцтва. Так, Еўрапейская камісія ў панядзелак, 3 траўня, прапанавала дзяржавам Еўразвязу ўлічваць сітуацыю і змякчаць абмежаванні на падарожжы. Прапануецца даць магчымасць бесперашкодна падарожнічаць асобам з краін, у якіх склалася станоўчая эпідэміялагічная сітуацыя, а таксама тым асобам, якія прайшлі поўны цыкл вакцынацыі, але вакцынай, прызнанай у ЕЗ або дапушчанае Сусветнай арганізацыяй здароўя для выкарыстання ў надзвычайных выпадках. Хоць зразумела, неабходна надалей захоўваць пільнасць, бо пандэмія яшчэ не скончылася, а новыя штамы каронавірусу даюць пра сябе знаць. Раней, у мінулы чацвер Еўрапарламент падтрымаў выдаванне так званых “пашпартоў вакцынацыі”, якія будуць дазваляць свабоднае перамяшчэнне па Еўропе падчас пандэміі на перыяд не большы за 12 месяцаў. Гаворка ідзе і пра вакцынацыю, але таксама і пра асоб, якія, да прыкладу, нядаўна перахварэлі і маюць натуральны імунітэт.
Праўда, грамадзяне Беларусі і тут пакуль у пройгрышы. Вакцына “Спутнік V” ці іншыя, якія выкарыстоўваюцца ў краіне, не зарэгістраваныя ў Еўразвязе і не дапушчаныя для выкарыстання Сусветнай арганізацыяй здароўя. Адпаведна, калі нічога не зменіцца, не дадуць права на свабоднае перамяшчэнне па Еўропе. Карацей, і тут “засада”.
Беларускае Радыё Рацыя