Еўропа зноў уводзіць антыкавідныя абмежаванні
У Грэцыі, Францыі і Брытаніі з сённяшняга дня ўступаюць у сілу новыя антыкавідныя абмежаванні.

Грэцыя ўводзіць дадатковыя меры па барацьбе з каронавірусам для стрымлівання распаўсюджвання варыянта „Амікрон”. З сённяшняга дня ў супермаркетах і грамадскім транспарце абавязковыя рэспіратары ці падвойныя медыцынскія маскі. Забаўляльныя ўстановы будуць пускаць толькі вакцынаваных наведвальнікаў і працаваць толькі да паўночы, за адным сталом можа сядзець не больш за шэсць чалавек.
На футбольных стадыёнах зможа прысутнічаць толькі 10 працэнтаў ад максімальнай колькасці гледачоў, наведвальнікі бальніц і дамоў састарэлых павінны прадаставіць адмоўны ПЛР-тэст, зроблены не пазней, чым за 48 гадзін да наведвання.
50% персанала як у дзяржаўным, так і ў прыватным сектары павінны перайсці на працу з дому. Гэтыя меры будуць дзейнічаць як мінімум да 16 студзеня.
У Францыі з сённяшняга дня ўступае ў сілу абавязковая праца з дому па меншай меры тры дні на тыдзень для тых, хто можа працаваць аддалена. Скарачаецца колькасць гледачоў, якія могуць прысутнічаць на грамадскіх мерапрыемствах як на адкрытых, гэтак і на закрытых пляцоўках.
Забараняецца ўжыванне ежы і напояў у грамадскім транспарце, а таксама ў кінатэатрах, тэатрах і на спартыўных аб’ектах. Ежу можна ўжываць толькі седзячы ўнутры бараў і рэстаранаў. Чакаецца, што новыя правілы будуць дзейнічаць не менш як тры тыдні.
У Брытаніі на гэтым тыдні заканчваюцца школьныя канікулы, у Англіі ўжо аб’яўлена аб абавязковых масках на ўроках для навучэнцаў сярэдніх школ і тэсціраванні перад вяртаннем у класы. Абавязковыя маскі на ўроках уводзяцца да 26 студзеня. У той жа час у нядзелю ўрад заявіў, што пакуль статыстыка па сітуацыі з каронавірусам не пацвярджае неабходнасці ўводзіць дадатковыя абмежаванні.
Паводле ВВС
