ЕЗ здымае абмежаванні на ўезд для тых, хто прышчапіўся



Еўразвяз з 1-га лютага зменіць правілы ўезду для турыстаў – прымаць будуць усіх, хто вакцынаваўся ад COVID-19 ухваленымі ЕЗ і Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя прэпаратамі. Абмежаванні не будуць прывязаныя да краіны адпраўлення – толькі да статусу чалавека.

Калі ў падарожніка ёсць даведка пра вакцынацыю або лічбавы COVID-сертыфікат ЕЗ, прыязджаць у еўрапейскія краіны можна будзе без тэстаў і каранціну. Тым не менш, канчатковае рашэнне пра ўвядзенне або зняцце абмежаванняў прымаюць урады асобных краін. Калі сітуацыя з COVID-19 будзе крытычнай, улады здолеюць вярнуць узмоцнены кантроль на межах.

Беларусаў, прышчэпленых „Спутнікам V”, гэтае новаўвядзенне не закране – расейская вакцына пакуль не атрымала ўхваленне СААЗ. На дадзены момант у Еўразвязе зарэгістраваны вакцыны ад кампаній AstraZeneca, Pfizer / BioNTech, Moderna і Johnson. У гэтым спісе няма і кітайскай вакцыны Sinopharm, аднак яна атрымала ўхвалу ад СААЗ у траўні.