Фартэцыя св. Маўры
Грэцыя асацыюецца найперш з помнікамі антычнасці, і гэта справядліва. Але ж за апошнія чатыры тысячы гадоў на Пелапанэсе гаспадарылі не толькі грэкі і рымляне. Готы, бізантыйцы, нарманы, крыжакі з Каталоніі, Арагона і Нямеччыны, піраты з Далмацыі, туркі-асманы, неапалітанцы, веніцыянцы і французы – усе яны пакінулі ў Грэцыі помнікі свайго хісткага валадарства.
Фартэцыя св. Маўры – адзін з такіх помнікаў. Збудавалі яе венецыянцы на пачатку ХІV стагоддзя для абароны Іанічных выспаў ад піратаў. Потым фартэцыя перайшла ў рукі туркаў, потым акурат да тых самых піратаў, потым зноў да асманаў. Але ж на пачатку ХІХ стагоддзя форт канчаткова стаў грэцкім: у 1804 годзе ў Іаніі была створана “Рэспубліка сямі выспаў” – фактычна першая з ХV стагоддзя незалежная грэцкая дзяржава.
Напрыканцы ХІХ стагоддзя фартэцыя св. Маўры прыйшла ў заняпад. Частку вежаў і муроў разабралі, частка абвалілася ў абарончы канал.
Цяпер гэтая паўзакінутая абарончая спаруда – ці не самае рамантычнае месца на Іанічных выспах. Між аплылымі мурамі і вежамі можна хадзіць гадзінамі і штораз знаходзіць штосьці цікавае: былую вязніцу, уваход у лёхі і нават мармуровыя ўломкі старажытнагрэцкіх храмаў.
Калі ж вы ў душы паэт, то абавязкова падыміцеся на самую высокую вежу, паглядзіце на фантастычны марскі краявід і, прымружыўшы вочы, паспрабуйце ўявіць на даляглядзе карабель Адысея; выспа Ітака знаходзіцца ўсяго за нейкіх трыццаць кіламетраў ад фартэцыі св. Маўры.
[Not a valid template]
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя