Фаселіс – горад гандляроў і брахуноў
За часамі антычнасці жыхары кожнага са старагрэцкіх гарадоў мелі пэўную і ўстойлівую рэпутацыю. Спартанцы лічыліся самымі мужнымі ваярамі, афіняне – самымі дасведчанымі маракамі, а грамадзяне Фіваў славіліся вытанчанай распустай.
Насельнікі горада Фаселіс, што ў гістарычнай Лікіі (цяпер – паўднёвае ўзбярэжжа Турэччыны) мелі рэнамэ ці не самых брахлівых людзей ва ўсім свеце. Што, зрэшты, можна вытлумачыць тагачаснай спецыялізацыяй горада, жыхары якога існавалі выключна коштам гандлю. Фаселіс купляў і прадаваў абсалютна ўсё: рабоў і лес, рыбу і мёд, віно і духмяныя рэчывы. А паспяховы гандль у старажытным свеце быў немажлівы без падману. Нават драхмы, якія чаканіў гэты старагрэцкі поліс, былі крыху лягчэйшымі за аналагічныя манеты суседзяў.
Дабрабытам Фаселіс значна пераўзыходзіў навакольныя лікійскія гарады. Але ж за ўсю сваю гісторыю гэты поліс не даў антычнаму свету ніводнага вялікага філосафа, драматурга ці ваеначальніка.
Зацятасць грамадзянаў Фаселіса выключна на “чарцы і шкварцы” і прываяла іх да страты незалежнасці. Спачатку поліс захапілі персы, потым яго па чарзе заваёўвалі дробныя сатрапы суседніх полісаў. У 333-м годзе да нашай эры гараджане ганебна здаліся на міласць Аляксандра Македонскага і нават падарылі яму залаты вянок: маўляў, не трэба нам ніякай волі, дазволь толькі гандляваць і брахаць надалей!
Пасля смерці Аляксандра Македонскага ў Фаселісе па чарзе панавалі размаітыя прайдзісветы і нават кілікійскія піраты, пакуль у 42-м годзе на нашай эры поліс не патрапіў пад жалезну пяту Рыма. Пасля падзелу Рымскай Імперыі Фаселіс апынуўся пад уладай Канстантынопаля, з чаго і пачаўся заняпад. Захоп горада ў ХІІ стагоддзі сельджукамі паставіў кропку ў існаванні горада.
Цяперашні Фаселіс – гэта маляўнічыя руіны на бесклапотным міжземнаморскім узбярэжжы. Гэта ясны блакіт нябёсаў, мора і суворая зеляніна навакольных лясоў. Гэта нахабныя турэцкія каты, якія жывуць проста сярод руінаў.
І толькі мармуровыя галовы жыхароў Фаселіса з адколатымі насамі, што захоўваюцца ў гістарычным музеі Анталіі, нагадваюць, як канаюць цывілізацыі, пабудаваныя выключна на любові да дабрабыту і на брахні.
[Not a valid template]
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара