Фэст экскурсаводаў у новым фармаце
Колькі разоў мы праязджалі па адных і тых жа дарогах, не задумваючыся пра тое, як з’явілася назва ўтульнай вёсачкі або якія легенды захоўваюць руіны за гарою. Зусім хутка месцы ўздоўж папулярных маршрутаў стануць крыху больш прыкметнымі і прывабнымі. Усё дзякуючы аўдыягідам, якія будуць суправаджаць падарожнікаў на ўсім шляху з Менска ў абласныя гарады або назад, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
Для таго каб ператварыць звыклую дарогу ў паўнавартасны экскурсійны маршрут, арганізатары праекта аб’ядналіся з Фэстам экскурсаводаў — найбуйнейшым фестывалем краінаведаў і гідаў. І каб даведнік быў займальным і эмацыйным, запрасілі стаць яго аўтарамі ўсіх захопленых гісторыяй беларусаў. Далучыцца да каманды і нанесці на аўдыякарту любімыя месцы можна да 17 кастрычніка. Для гэтага неабходна запусціць тэлеграм-бот TravelBrovar_bot, выбраць адзін з пяці кірункаў для экскурсій, адзначыць вядомы населены пункт на маршруце і падзяліцца сваёй гісторыяй. Гэта можа быць энцыклапедычны факт, гарадская байка або асабісты топ славутасцяў. Чат-бот прымае тэкст, фота і галасавыя паведамленні.
Калі гісторыі будуць сабраныя, арганізатары перададуць іх партнёрам з Фэста экскурсаводаў для апрацоўкі і запісу.
Плануецца, што экскурсіі з’явяцца ў вольным доступе ў інтэрнэце. У многіх выпадках самыя кароткія аўтамабільныя трасы супадаюць з чыгуначным маршрутам, так што падарожнічаць і пазнаваць больш пра месцы, якія праносяцца за акном, змогуць пасажыры не толькі аўтамабіляў і аўтобусаў, але і цягнікоў.