Фэст халадніку прайшоў у Вільні



Сталіца Літвы 10 чэрвеня афарбавалася ў ярка-ружовы колер або колер фуксіі. У Вільні зладзілі першы фэст халадніку – Pink Soup Fest.

У гэты дзень для віленцаў і гасцей сталіцы было прапанавана 100 розных відаў дзейнасці, спаборніцтвы. Мерапрыемствы праходзілі цэлы дзень, а 30 кавярняў і рэстаранаў прапаноўвалі разнастайныя варыянты халадніку.

„Халодны боршч – гэта адна з самых любімых страў у Літве, таму яна заслугоўвае прысвечанага яму свята ў Вільні”, – сказала кіраўнік агенцтва Go Vilnius Інга Раманаўскене. Вядома, што не менш за літоўцаў яго любяць ужываць у спякотную пару і беларусы. Толькі вось наш халаднік крыху адрозніваецца сваёй кансістэнцыяй, у літоўцаў ён больш густы. 

Халаднік любілі не толькі заможныя людзі, але і простыя жыхары. Упершыню ў гістарычных крыніцах ён згадваецца ў XVI стагоддзі.

У Вільні каля Белага моста ў гэты дзень усім ахвочым бясплатна раздавалі халаднік, яго прыгатавалі студэнты Жырмунайскага прафтэхвучылішча. Усяго раздалі каля 500 порцый.

Таксама праводзіліся конкурсы на гатаванне самага вострага халадніку, конкурс на лепшы ружовы касцюм ды іншыя.

На рынку Paupio turgus наведвальнікі не толькі маглі пакаштаваць розныя варыянты халадніку ды іншыя стравы ружовага колеру, але і пабачылі ружовы фантан у выглядзе міскі з халадніком.

Падчас фэсту было шмат забаў. Ля Віленскага бастыёна, дзе праходзіла асноўная частка фэсту, разгарнулася пляцоўка з забавамі для дарослых і дзяцей з роставымі лялькамі ў выглядзе бурака, кефіру ды іншых герояў. А таксама жадаючыя маглі з’ехаць з пеннай горкі ў міску з “халадніком”. Пена ўяўляла сабой імітацыю кефіру.

Фудтракі таксама прапаноўвалі прысутным на свяце халаднік ды іншыя смачныя стравы.

Увечары адбыўся канцэрт Ляанаса Самоваса.

Арганізатары фэсту халадніку спадзяюцца, што фэст стане штогадовым і будзе прыцягваць гасцей з-за мяжы.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя